БЕЛ Ł РУС

Літва следам за Польшчай плануе замініраваць мяжу з Беларуссю і Расіяй

22.03.2025 / 22:12

Nashaniva.com

Міністарка нацыянальнай абароны Літвы Давіле Шакалене паведаміла, што яны з міністрамі абароны Польшчы і Фінляндыі абмеркавалі аб'яднанне польскага «Усходняга шчыта» і Балтыйскай лініі абароны, а таксама ўдзел Фінляндыі ў фарміраванні адзінага плана ўзмацнення аховы мяжы.

Давіле Шакалене. Фота: AP Photo/Mindaugas Kulbis

«Падчас гэтых сустрэч была распачатая дыскусія пра абнаўленне і пашырэнне канцэпцыі контрмабільнасці. Па польскім прыкладзе, мяжа паўночна-ўсходняга флангу можа быць умацаваная некалькімі радамі фартыфікацыйных збудаванняў, якія будуць уключаць, але не абмяжоўвацца супрацьпяхотнымі і супрацьтанкавымі мінамі. Партнёры маюць намер атрымаць фінансаванне ЕС для гэтай мэты», — сказала Шакалене.

Яна нагадала, што Літва першай у рэгіёне ініцыявала дыскусіі пра выхад з Атаўскай канвенцыі аб супрацьпяхотных мінах, гэтае рашэнне падтрымалі Эстонія, Латвія і Польшча.

Пра намер краін Балтыі і Польшчы выйсці з Атаўскай канвенцыі было заяўлена 18 сакавіка:

«Супольная рэгіянальная пастанова пасылае выразны сігнал: дзяржавы, якія маюць агульную мяжу з Расіяй, гатовыя прыняць усе магчымыя захады для гарантавання бяспекі сваіх грамадзян», — заявіла тады Давіле Шакалене.

Выхад з Атаўскай дамовы, да якой далучылася больш за 160 дзяржаў, дазволіць Польшчы і краінам Балтыі стварыць запас супрацьпяхотных мін. Сярод 36 краін, якія не падпісвалі Атаўскую канвенцыю ўвогуле — Расія, ЗША і Кітай.

Чытайце таксама:

У Мінабароны Польшчы не выключылі мініравання мяжы з Беларуссю 

Туск хоча ўзброіць Польшчу: 500 тысяч арміі, абавязковыя вайсковыя зборы для ўсіх і, магчыма, ядзерная зброя

Расія не мае шанцаў у сутыкненні з Еўропай. Але з дзвюма ўмовамі

Каментары да артыкула