БЕЛ Ł РУС

Дарадца Трампа па нацбяспецы выпадкова дадаў журналіста ў сакрэтны чат у Signal. Раскрытыя механізмы прыняцця рашэнняў

24.03.2025 / 21:39

Nashaniva.com

У гэтым канфідэнцыйным чаце абмяркоўваліся будучыя ўдары па хусітах у Емене. Журналіст думаў, што нехта яго падманвае, пакуль атака сапраўды не адбылася.

Майкл Уолц (злева) і Піт Хэгсэт. Фота: Ludovic Marin/Pool via AP

Галоўны рэдактар The Atlantic Джэфры Голдберг падрабязна апісаў, што з ім адбылося.

11 сакавіка ён атрымаў запыт на дыялог ад карыстальніка Майкла Уолца — так завуць дарадцу Трампа па нацыянальнай бяспецы.

«Я не думаў, што запыт зыходзіў ад сапраўднага Майкла Уолтца», — кажа Голдберг.

Ён прыняў запыт і праз два дні быў далучаны да чату «Невялікая група хусітаў» (у арыгінале: Houthi PC small group, дзе PC — principals committee. Так у ЗША называюць топ-чыноўнікаў па пытаннях нацыянальнай бяспекі).

Адразу ж ён убачыў прывітальнае паведамленне ад Уолца да ўсіх удзельнікаў групы: што чат створаны для каардынацыі дзеянняў у дачыненні да хусітаў на працягу наступных 72 гадзін.

«Мяне ніколі не запрашалі на пасяджэнні камітэта кіраўнікоў Белага дома і за многія гады маёй працы рэпарцёрам па пытаннях нацыянальнай бяспекі я ніколі не чуў, каб яны праводзіліся з дапамогай камерцыйнага мабільнага дадатку для абмену паведамленнямі», — піша журналіст.

Усяго ў чаце было 18 чалавек, у тым ліку супрацоўнікі Рады нацыянальнай бяспекі, віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс, кіраўнік Пентагона Піт Хэгсэт, дзяржсакратар Марка Рубіа, кіраўнік нацыянальнай выведкі Тулсі Габард, дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф, спецпасланнік Трампа Стыў Уіткаф і іншыя.

Дэбаты ў чаце ў Signal перад атакай на хусітаў. Скрыншот: The Atlantic

Голдберг абмеркаваў сітуацыю з чатам у рэдакцыі The Atlantic. Журналісты вырашылі, што гэта можа быць імітацыя — частка кампаніі па дэзынфармацыі.

«У мяне былі вельмі моцныя сумневы ў тым, што гэтая тэкставая група была рэальнай, таму што я не мог паверыць, што кіраўніцтва нацыянальнай бяспекі Злучаных Штатаў паведаміць па Signal аб планах немінучай вайны.

Я таксама не мог паверыць, што дарадца прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы акажацца настолькі неразумным, каб далучаць галоўнага рэдактара The Atlantic у падобныя дыскусіі з высокапастаўленымі афіцыйнымі асобамі ЗША, аж да віцэ-прэзідэнта», — здзіўляецца Голдберг.

Дэбаты ў чаце ў Signal перад атакай на хусітаў. Скрыншот: The Atlantic

15 сакавіка ў чаце ўзнялася тая тэма, заўчаснае выкрыццё якой, як піша журналіст, сапраўды магла б нашкодзіць амерыканскай арміі і разведцы.

У той жа дзень журналіст убачыў у чаце паведамленне, што атака на хусітаў пачнецца праз дзве гадзіны — і чакаў гэты час у машыне на стаянцы перад супермаркетам. Выбухі ў Емене сапраўды адбыліся

Рэакцыя чата на першыя выбухі ў Емене. Скрыншот: The Atlantic

«Я зразумеў, што гэта група Signal, напэўна, сапраўды рэальная. Прыйшоўшы да такой высновы, якая ўсяго некалькі гадзін таму здавалася амаль немагчымай, я выйшаў з групы Signal, разумеючы, што гэта прывядзе да аўтаматычнага паведамлення да стваральніка групы, «Майкла Уолца», пра тое, што я пакінуў яе.

Ніхто ў чаце, здавалася, не заўважыў маёй прысутнасці. І я не атрымаў ніякіх наступных пытанняў аб тым, чаму я пайшоў, ці, што больш важна, хто я такі».

Апытаныя The Atlantic юрысты лічаць, што дзеянні Уолца могуць складаць парушэнне заканадаўства ЗША, якое рэгулюе адносіны з інфармацыяй па нацыянальнай абароне. Можна меркаваць, што ЗША чакае вялікі скандал.

Чытайце таксама:

ЗША наносяць авіяўдары па паўстанцах-хусітах у Емене пасля загаду Трампа

Каментары да артыкула