БЕЛ Ł РУС

У Вільні на Дзень Волі ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг

25.03.2025 / 12:21

Nashaniva.com

Каля будынка літоўскага Сейма 25 сакавіка прайшла цырымонія ўзняцця беларускага нацыянальнага сцяга. У цырымоніі адзначэння гадавіны падзеі ўзялі ўдзел каля 100 чалавек, у тым ліку Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офіса, літоўскія дэпутаты, у тым ліку першы віцэ-спікер Сейму Юозас Алекас, замежныя дыпламаты, прадстаўнікі беларускай дыяспары, піша Радыё Свабода.

Фота: Радыё Свабода

Прагучаў беларускі гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто загінуў за незалежнасць Беларусі.

Святлана Ціханоўская на мітынгу сказала, што вельмі ганарыцца бел-чырвона-белым сцягам, які стаў сімвалам незалежнасці і няскоранасці беларусаў. Яна ўзгадала, як 107 гадоў таму была абвешчана незалежнасць Беларусі ў Мінску, і тады ж афіцыйна з'явіўся яе сцяг, з якім доўга змагаліся «сталіністы і іншыя ворагі беларушчыны».

— Але беларусы яго зноў і зноў выносілі на вуліцы. Я з гонарам гляджу на гэты сцяг. І веру, што пакуль лунае гэты сцяг, пакуль ёсьць беларуская мова, пакуль ёсьць нашы саюзьнікі — такія, як Літва і іншыя краіны Эўропы, ня зьнікне вера, што Беларусь як незалежная краіна адновіцца. Мы пройдзем увесь шлях да свабоды, адродзім нашу прыналежнасць да Еўропы, да якой гістарычна належым, — сказала яна.

Выступаючы з трыбуны Сейма Літвы, Святлана Ціханоўская нагадала, што Літва адной з першых прызнала незалежнасць БНР у 1918 годзе, пазней прыняла першы ўрад у выгнанні, а ў студзені 1991-га ўжо беларусы разам з літоўцамі баранілі свабоду каля парламента і тэлевежы ў Вільні.

— Беларусы і літоўцы разам удзельнічалі ў вызвольных паўстаннях супраць Расійскай імперыі, разам перажывалі прыгнёт савецкай акупацыі. Нашае сяброўства будуецца не толькі на геаграфіі, але на агульных ідэалах і каштоўнасцях. І сёння, сярод іншага, мы ўшаноўваем гісторыю нашага супольнага змагання за свабоду, — падкрэсліла яна.

— Наша мэта — вырвацца з-пад расійскай акупацыі, з-пад тыраніі Лукашэнкі і вярнуць Беларусь у еўрапейскую сям’ю народаў. Мы разумеем, што вызваленне Беларусі — гэта наша задача і наш абавязак. Але мы не зможам гэтага зрабіць без саюзнікаў.

Да такіх саюзнікаў яна аднесла Літву, і падзякавала ўсім дзеячам, якія падтрымлівалі Беларусь.

Чытайце таксама:

Сёння — Дзень Волі. 107 гадоў таму беларусы ўпершыню абвясцілі незалежнасць

Дзень Волі і БНР у пытаннях і адказах

Ціханоўская: Мы ўпэўнена і горда кажам: Жыве Беларусь!

Каментары да артыкула