БЕЛ Ł РУС

Прадукцыю «Беларуськалія» перайменавалі і прадаюць ЕС у абыход санкцый

26.03.2025 / 14:23

Nashaniva.com

Беларускія кампаніі наладзілі вытворчасць і пастаўкі ў ЕС новай прадукцыі — антыгалалёднага рэагенту Norta. Пад гэтай назвай хаваецца тэхнічная соль, якую да ўвядзення абмежаванняў Беларусь у вялікіх аб’ёмах экспартавала ў Еўрасаюз. Яе рэальны вытворца — падсанкцыйны «Беларуськалій», піша БРЦ.

Ілюстрацыйнае фота

«Я не даследчык, як вы, ці яшчэ хтосьці. Я не езджу, не гляджу, хто і што там робіць. Ёсць тавар, ёсць фірма. Фірма не пад санкцыямі, тавар не пад санкцыямі. І я набываю гэты тавар. Усё… Няма такога заканадаўства, што я абавязаны дзесьці ездзіць, шукаць вытворчасць і яшчэ штосьці такое», — так уладальнік польскай кампаніі JP Company Юрый Хруль адказаў на пытанне журналіста БРЦ, ці ведае ён пра паходжанне тавару, які набывае ў Беларусі.

Закона, які абавязвае пакупніка правяраць паходжанне сыравіны і этапы вытворчасці тавару, сапраўды няма. Але даследчыкі, як выказаўся фігурант расследавання, «вышукнікі», і з дапамогаю звестак з усяго аднаго дакументу выкрылі схему абыходу еўрапейскіх санкцыяў супраць буйнога беларускага прадпрыемства.

Невыпадковая метамарфоза

У Беларусі ў верасні 2022 года зацвердзілі тэхнічныя ўмовы для новай прадукцыі — антыгалалёднага рэагенту для аўтамабільных дарог і тратуараў Norta (у розных дакументах сустракаецца напісанне NORT_A, NORT A). У іх прапісаныя нормы і правілы вытворчасці канкрэтнага тавару, якія распрацоўвае прадпрыемства, калі плануе яго выпускаць. Першым вытворцам Norta у дзяржаўным каталогу прадукцыі лічыцца ТАА «Еўрапейскае аграрнае агенцтва». Да траўня 2024-га з'явіліся яшчэ два — «Комплексныя ўгнаенні» і «Кампанія тэхнікі і сэрвісу».

Айчынны тавар зацікавіў пакупнікоў з Еўрасаюза. Кампанія «Комплексныя ўгнаенні» ў сакавіку 2024 года павінна была паставіць 66 тонаў Norta польскай фірме JP Company. Гэта напісана ў сертыфікаце якасці, які БРЦ атрымаў ад крыніцы ў сферы грузаперавозак. Журналісты звярнулі ўвагу на код тавару, пазначаны ў дакуменце: хоць прадукт называецца «матэрыял супрацьгалалёдны», ягоная маркіроўка адпавядае хларыду натрыю. Доля ўтрымання гэтага рэчыва ў Norta — 98,2%. Такі ж склад у галіту або тэхнічнай солі, якую Беларусь гадамі экспартавала ў ЕС.

У гэтым жа сертыфікаце якасці журналісты заўважылі дзве дэталі, якія паказваюць, што тэхнічная соль ператварылася ў супрацьгалалёдны матэрыял Norta не выпадкова.

Санкцыйны каталізатар

У дакуменце прапісаны адрас рэгістрацыі беларускай кампаніі-пастаўшчыка «Комплексныя ўгнаенні»: аграгарадок Рачэнь Менскай вобласці, вуліца Садовая, 54. У гэтым жа будынку зарэгістраванае ААТ «Рачэнь». Яно ўваходзіць у склад холдынгу «Беларускалій-Агра», якім кіруе «Беларускалій-Агра» — кіруючая кампанія холдынгу «Беларускалій-Агра». Бенефіцыяр апошняга — дзяржаўнае прадпрыемства «Беларуськалій»

ААТ «Беларуськалій» — найбуйнейшы ў краіне вытворца і экспарцёр тэхнічнай солі ў ЕС, больш за ўсё гэтага тавару набывае Польшча. Беларусь у 2021 годзе паставіла ў Еўрасаюз харчовых і нехарчовых соляў больш чым на €21 млн. Каля €18 млн з іх прынёс галіт. У чэрвені 2022-га «Беларуськалій» трапіў пад санкцыі ЕС і экспарт абрынуўся. За год Беларусь прадала тэхнічнай солі крыху больш чым на €9,5 млн. А ў 2024-м сума ад продажу аказалася яшчэ больш сціплай — каля €6 млн, €5 млн з якіх прыйшлося на галіт.

Санкцыі Еўрасаюза павінныя былі спыніць экспарт прадукцыі «Беларуськалію» на ягоную тэрыторыю. Але нумар вагону, у якім перавозілі тавар кампаніі «Комплексныя ўгнаенні» для польскай фірмы JP Company, паказаў на непасрэднае дачыненне падсанкцыйнага прадпрыемства да вытворчасці і пастаўкі Norta. З дапамогай гэтай унікальнай паслядоўнасці з васьмі лічбаў у спецыяльнай базе можна даведацца, каму ён належыць. Паводле інфармацыі «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», вагонам валодае «Беларуськалій». І перавозілі ў ім, хутчэй за ўсё, прадукцыю беларускага калійнага прадпрыемства пад выглядам супрацьгалалёднага матэрыялу «Комплексных угнаенняў».

«З верагоднасцю, якая імкнецца да 100%, гэта адзін і той жа мінерал. Ці дакладней, напэўна, будзе казаць, мінералагічная сыравіна. Аднолькавы ён, як з пункту гледжання пераліку магчымых дамешкаў, так і з пункту гледжання паказнікаў утрымання канцэнтрацыі тых самых дамешкаў. Ніякіх утылітарных маркёрных злучэнняў акрамя звычайнай солі, хларыду натрыю, тут у прынцыпе няма», — патлумачыў БРЦ хімік Сяргей Бесараб, якога папрасілі параўнаць хімічныя склады Norta і галіту «Беларуськалія».

Падчас тэлефоннай размовы з уласнікам прадпрыемства-пастаўшчыка Norta, раскрыліся новыя факты.

Звязаныя адной соллю

Кампаніяй «Комплексныя ўгнаенні» валодае Дзмітрый Шаламіцкі — экс-намеснік старшыні Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (яе лідар Аляксандр Хіжняк быў адным з кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах-2025). Журналіст БРЦ пад выглядам патэнцыйнага пакупніка Norta звязаўся з ім праз тэлефон, каб распытаць, дзе фірма бярэ галіт. Шаламіцкі адказаў, што «Комплексныя ўгнаенні» займаюцца выключна ўгнаеннямі:

«Мы гэтым (вытворчасцю антыгалалёднага матэрыялу Norta — рэд.) не займаемся. Значыць, мы перадалі правы іншай кампаніі».

Якой менавіта, суразмоўца не распавёў. Аднак журналісты знайшлі шчыльныя сувязі паміж «Комплекснымі ўгнаеннямі» і яшчэ дзвюма фірмамі, пра якія згадвалі ў пачатку расследавання. Кампанія Дзмітрыя Шаламіцкага да лютага 2024 года была адным з заснавальнікаў ТАА «Еўрапейскае аграрнае агенцтва». Прадстаўнік «Беларуськалію» пацвердзіў журналісту БРЦ, што апошняя набывае ў іх падсанкцыйную тэхнічную соль:

«Так. Яно («Еўрапейскае аграрнае агенцтва») з нашага галіту вырабляе «Норту» і самастойна яе рэалізуе».

На момант выхаду матэрыялу «Еўрапейскім аграрным агенцтвам» валодаюць «Беларускалій-Агра» — кіруючая кампанія холдынгу «Беларускалій-Агра» і эстонская фірма European Agricultural Agency. У эстонскай кампаніі ёсць доля беларускага бізнэсоўцы Аляксандра Багачэнкі.

Бізнэс-партнёр Багачэнкі Юрый Хруль — сузаснавальнік польскай фірмы JP Company, той самай, якая ў атрыманым намі сертыфікаце якасці значыцца грузаатрымальнікам Norta. Аб тым, што Norta — гэта забаронены да ўвозу ў ЕЗ прадукт «Беларуськалію», уладальнік JP Company не ведаў. Прынамсі так ён сказаў у тэлефоннай размове з журналісткай БРЦ: «Ніякага галіту я не набываю. Я набываў супрацьгалалёдны матэрыял Norta».

А так выглядаў дыялог паміж Юрыем Хрулём і журналісткай пасля ейнай заўвагі аб тым, што склады падсанкцыйнай тэхнічнай солі і супрацьгалалёднага матэрыялу не адрозніваюцца:

Хруль дадаў, што каб атрымаць Norta з галіту, яго апрацоўваюць, але не ўдакладніў, якім чынам. Скончылася гэтая размова абяцаннем адказаць на пытанні, якія мы даслалі ў афіцыйным запыце JP Company. На момант выхаду расследавання адказ не прыйшоў.

Трэці — не лішні

Галіт «Беларуськалію» ў Польшчу пастаўляе яшчэ адна кампанія — трэцяя з тых, што зацвердзілі тэхнічныя ўмовы для выпуску Norta, — «Кампанія тэхнікі і сэрвісу». Толькі яна ў 2024-м вазіла мінеральны канцэнтрат для польскай JP Company. Паводле звестак «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», за год беларускі пастаўшчык адправіў 716 вагонаў тэхнічнай солі. Гэта каля 50 тыс. тонаў. Нягледзячы на тое, што ў транспартных дакументах тавар называецца тэхнічнай соллю, у кампаніі-пастаўшчыку яе называюць па-іншаму.

«У нас галіту няма. У нас ёсць супрацьгалалёдны матэрыял Norta», — удакладніў прадстаўнік фірмы ў тэлефоннай размове з журналістам, які прадставіўся пакупніком з Польшчы.

Сузаснавальнік ТАА «Кампанія тэхнікі і сэрвісу» — Павел Багачэнка, брат жонкі Аляксандра Багачэнкі (ён узяў прозвішча жонкі, уласная — Баран). У Паўла ёсць сумесны бізнес у Польшчы з сузаснавальнікам JP Company Юрыем Хрулём — кампанія. 

Журналісты паспрабавалі звязацца з Аляксандрам Багачэнкам, каб распытаць пра пастаўкі тэхнічнай солі «Беларуськалію» ў Польшчу, аднак ён не ўзяў слухаўку. На нашыя запыты «Беларуськалій», «Еўрапейскае аграрнае агенцтва», «Комплексныя ўгнаенні» і «Кампанія тэхнікі і сэрвісу» не адказалі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула