БЕЛ Ł РУС

У сектары Газа сотні людзей выйшлі на акцыю пратэсту супраць улады ХАМАС

26.03.2025 / 15:59

Nashaniva.com

У аўторак у горадзе Бейт-Лахія на самым поўначы сектару Газа адбылася рэдкая для гэтага рэгіёну падзея — масавая вулічная акцыя пратэсту супраць улады ХАМАС, піша Бі-бі-сі.

Скрыншот відэа Бі-бі-сі

На кадрах відаць, як маладыя мужчыны ідуць па вуліцах горада і скандуюць: «Прэч, прэч, прэч, ХАМАС, сыдзі прэч!» і «Далоў уладу ХАМАС, далоў уладу «Братоў-мусульман»!

У адказ байцы ХАМАС у масках, са зброяй і дручкамі сілай разагналі дэманстрацыю. На вечар аўторка прадстаўнікі групоўкі сітуацыю афіцыйна не пракаментавалі. Тым часам прыхільнікі ХАМАС у інтэрнэце назвалі ўдзельнікаў акцыі здраднікамі.

Пратэст адбыўся на наступны дзень пасля таго, як баевікі «Ісламскага джыхаду» запусцілі ракеты па Ізраілі, а ізраільскія войскі ў адказ загадалі жыхарам некалькіх раёнаў Бейт-Лахіі эвакуявацца. Гэта выклікала моцнае абурэнне мясцовых.

— Мы адмаўляемся паміраць ні за каго — ні за партыю, ні за замежную дзяржаву, — сказаў адзін з удзельнікаў акцыі, Махамед Дыяб. Яго брат загінуў пад ізраільскім авіяўдарам год таму. Дом Махамеда быў разбураны.

— ХАМАС павінен пакінуць уладу і пачуць голас тых, хто смуткуе, голас, што гучыць з-пад завалаў — гэта самы шчыры голас, — дадаў ён.

ХАМАС цалкам кантралюе Газу з 2007 года. У 2006-м групоўка перамагла на выбарах у Палесцінскай аўтаноміі, а неўзабаве сілай выцесніла сваіх канкурэнтаў з тэрыторыі Газы.

З пачатку новага этапу вайны ў Газе крытыка на адрас ХАМАС гучыць усё часцей — як у інтэрнэце, так і на вуліцах. Хаця групоўка па-ранейшаму мае шмат прыхільнікаў, зразумець рэальны баланс сіл цяпер практычна немагчыма.

— Прабачце, але на што разлічвае ХАМАС? Ён абапіраецца на нашу кроў, на лічбы, якія ўвесь свет успрымае як статыстыку, — напісаў у Facebook жыхар Газы Махамед Аль-Наджар. — І сам ХАМАС бачыць у нас толькі лічбы. Няхай сыходзіць, няхай дазволіць нам залячыць свае раны.

Яшчэ да вайны ў Газе былі праціўнікі ХАМАС, але большасць маўчала з-за страху за сваю бяспеку.

Ізраіль аднавіў ваенную аперацыю супраць ХАМАС у сектары Газа 18 сакавіка, пасля таго як правалілася перамір’е, што доўжылася амаль два месяцы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула