Расійскі прызёр Паралімпіяды з парушэннямі інтэлекту пайшоў на вайну і загінуў
Аляксандр Рабатніцкі з дыягназам «арганічнае паражэнне мозгу» даслужыўся да камандзіра аддзялення ў разведцы.
Аляксандр Рабатніцкі. Фота: Паралімпійскі камітэт Расіі
Расійскі паралімпіец з парушэннем інтэлекту Аляксандр Рабатніцкі загінуў на вайне супраць Украіны.
У спартсмена было дыягнаставана «арганічнае паражэнне мозгу», але расійскае Мінабароны ўсё адно заключыла з ім кантракт, піша «Сибирь. Реалии».
30-гадовы Рабатніцкі даслужыўся да камандзіра аддзялення ў разведцы. Дакладную дату і абставіны яго гібелі родным і сябрам не паведамілі.
Па словах знаёмых Рабатніцкага, ён не змог прыстасавацца да жыцця пасля заканчэння спартыўнай кар'еры. Каля года таму ў яго з'явілася гульнявая залежнасць. На вайну паралімпіец пайшоў добраахвотна — каб расплаціцца з даўгамі.
Рабатніцкі скончыў карэкцыйную школу, пазней стаў заслужаным майстрам спорту па лёгкай атлетыцы сярод спартсменаў з парушэннем інтэлекту. На Паралімпійскіх гульнях у Токіа ў 2020 годзе ён узяў срэбра ў бегу на 1500 метраў сярод спартсменаў з паказчыкам IQ ніжэй за 75.
Гэта не першы выпадак, калі ў Расіі на вайну ішлі людзі з парушэннем інтэлекту. Так, з калоніі на вайну завербавалі забойцу Аляксандра Нагарнюка, у якога было дыягнаставаная «разумовая адсталасць».
У 2022 годзе Нагарнюку прысудзілі 6 гадоў калоніі за забойства «з-за пакета піва і тэлефона». У 2023 годзе яго памілаваў Пуцін, а ў 2024 годзе мужчына загінуў падчас штурму, так і не выплаціўшы кампенсацыю, прысуджаную судом маці яго ахвяры.
Чытайце таксама:
Ва Украіне загінуў прапагандыст з расійскіх «Известий»
УСУ паведамілі пра гібель 30 расійскіх вайскоўцаў у выніку ўдару па Курскай вобласці
На вайне ва Украіне ўпершыню загінуў расійскі вайсковец 2007 года нараджэння
На вайне знік без вестак беларускі зваршчык, які паваяваў за Расію не больш за месяц