БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Пуцін хутка памрэ, і ўсё скончыцца

27.03.2025 / 8:55

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны выказаў меркаванне, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін ужо нядоўга зможа жорстка кантраляваць расійскае грамадства і весці вайну, бо яго жыццё неўзабаве перарвецца.

Уладзімір Пуцін. Фота: Mikhail Metzel, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін нядоўга зможа жорстка кантраляваць расійскае грамадства і весці вайну, паколькі ў хуткім часе яго жыццё спыніцца, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

З ягоных слоў, Пуцін баіцца «страціць сваю сілу», аднак гэта залежыць не толькі ад стабільнасці ўнутры Расіі, але і «ад ягоных гадоў».

«Ён памрэ хутка, гэта факт, і ўсё скончыцца», — сказаў Зяленскі ў інтэрв'ю Eurovision News.

Пры гэтым ён не ўдакладніў, з якой прычыны 72-гадовы Пуцін можа сысці з жыцця найбліжэйшым часам.

Разам з тым Зяленскі падкрэсліў, што ў міжнароднай супольнасці ёсць магчымасць закрыць «пытанне» Пуціна да таго, «як ён скончыць сваё абсалютна бяспечнае і няўдалае гістарычнае жыццё». З ягоных слоў, для гэтага заходнім партнёрам Украіны неабходна дамагацца дэстабілізацыі расійскага грамадства за кошт санкцый.

«Калі яны (партнёры) захочуць прадэманстраваць не звышсілы, а проста захочуць прадэманстраваць свае рэальныя сілы, і калі яны будуць ціснуць на Пуціна, у яго будзе дэстабілізацыя грамадства», — адзначыў Зяленскі.

Таксама ён дадаў, што Пуцін баіцца» застацца сам-насам», але ізаляваць яго палітычна з пачатку вайны ва Украіне так і не ўдалося.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула