БЕЛ Ł РУС

Міністр абароны Літвы: Няма гарантыі, што вайскоўцы ЗША ў машыне — правяраюцца і іншыя версіі

27.03.2025 / 9:52

Nashaniva.com

Пошукава-выратавальная аперацыя па выратаванні чатырох амерыканскіх вайскоўцаў, зніклых паблізу палігона ў Пабрадзе, працягвалася мінулай ноччу.

Галоўнакамандуючы Арміі Літвы Раймондас Вайкшнорас, прэм'ер Гінтаўтас Палуцкас і міністр абароны Давіле Шакалене. Фота з фэйсбука Давіле Шакалене

Міністр абароны Літвы Давіле Шакалене ў чацвер у эфіры радыё LRT падкрэсліла, што з’явіліся пэўныя пазітыўныя прыкметы, якія даюць надзею на «хутчэйшы сцэнар» аперацыі па выцягванні ваеннай тэхнікі, што загрузла ў вадаёме.

Разам з тым яна адзначыла, што няма гарантыі, што вайскоўцы знаходзяцца ўнутры машыны — разглядаюцца і іншыя магчымыя сцэнары.

У аперацыі ўдзельнічаюць вайскоўцы Літвы і ЗША, прадстаўнікі розных дзяржаўных структур і прыватных кампаній.

Амерыканскія вайскоўцы зніклі ў аўторак удзень падчас вучэнняў на палігоне. Да пошукаў далучыліся вайскоўцы Літвы і іншых краін, а таксама верталёты Ваенна-паветраных сіл і Службы аховы дзяржаўнай мяжы.

У сераду было вызначана верагоднае месца здарэння, пасля чаго пачалася пошукава-выратавальная аперацыя.

Увечары ў сераду Еўрапейскае і Афрыканскае камандаванне Узброеных сіл ЗША паведаміла, што гусенічная эвакуацыйная машына M88 «Hercules», у якой, меркавана, знаходзіліся зніклыя вайскоўцы, была знойдзена затанулай у вадаёме на тэрыторыі палігона.

У чацвер месца здарэння зноў наведалі міністр абароны Давіле Шакалене і галоўнакамандуючы войскамі Літвы Раймундас Вайкшнорас. Раніцай прыбыў прэм’ер-міністр Гінтаўтас Палуцкас.

Чытайце таксама:

Пошукава-выратавальная аперацыя ў Літве працягвалася ўсю ноч: амерыканскія вайскоўцы дагэтуль не знойдзены

Затанулую ў літоўскім балоце амерыканскую бронемашыну знайшлі, а вайскоўцаў яшчэ шукаюць

Амерыканскія вайскоўцы, што зніклі на мяжы Літвы з Беларуссю, загінулі ў балоце?

Каментары да артыкула