«€1000 за паслугі агентаў — гэта ўжо норма». Што зараз адбываецца з шэнгенам і на што ідуць беларусы дзеля візы
Яшчэ зусім нядаўна беларускія турысты грэлі сябе надзеяй, што вось-вось адбудзецца цуд, і мы зноў будзем, як раней, атрымліваць свае гадавыя шэнгенскія візы проста так, «між іншым». У выніку рухаемся да таго, што хутка цудам стане лічыцца аднаразовая іспанская віза, атрыманая ўсяго за нейкі месяц, разам з тонай лішніх ведаў пра чаты, боты, слоты і іншыя «сшыткі Алега».
Onliner.by піша, што што наогул зараз адбываецца з візамі і ці рэальна атрымаць запаветную налепку ў пашпарт раней, чым да летняга адпачынку ў 2026-м?
Як сітуацыя з шэнгенам змянілася за год?
Каб дэталёва разабрацца ў даступных варыянтах па шэнгене, журналісты Onliner.by пагаварылі з Глебам Ларыёнавым — дырэктарам візавага агенцтва Tutvisa.by. Спытаўшы ў эксперта, як змянілася сітуацыя з сакавіка-красавіка 2024-га, атрымалі хуткі і несуцяшальны адказ: стала толькі горш.
Калі яшчэ год таму цана ў €1000 за паслугі агента здавалася вар'яцтвам, то цяпер гэта патроху становіцца нормай. А турыстам, якія пытаюцца, куды ісці па шэнген, Глеб усё часцей рэкамендуе краіны Азіі: і візу зробяць танна за чатыры дні, і паглядзець будзе на што.
«Захавалася магчымасць падачы ў нямецкую амбасаду: сам зайшоў на сайт, запоўніў пару радкоў у форме, адправіў — чакаеш чаргу. Але з-за таго, што немцы настолькі моцна спрасцілі працэс падачы, да іх пайшлі ўсе, каму не лянота, нават па другім і трэцім коле. У выніку час чакання расцягнуўся ўжо да 15 месяцаў, пачаліся нейкія гісторыі са збоямі ў сістэме і самавольнымі адменамі», — кажа Ларыёнаў.
Італія прыпыніла запіс у жывую чаргу
У гэтай чарзе ўжо блізка 30 тысяч заяўнікаў. Там таксама ўтварыўся сапраўдны снежны ком.
«Мы дзеля цікавасці пыталіся ў людзей, што стаялі пад візавым цэнтрам: навошта гэтыя пакуты? Многія адказвалі — маўляў, стаім ад няма чаго рабіць, гэта ж бясплатна», — распавядае эксперт.
Новыя праблемы і новыя «фішкі»
Вось яшчэ статыстыка: магчымасць падаць на візу ў амбасады Іспаніі і Польшчы адрэзала пласт людзей, якія з нейкіх прычын не хочуць карыстацца смартфонамі або не маюць магчымасці хутка прайсці верыфікацыю па твары пасля апавяшчэння — а яно можа прыйсці ў любы час. Не паспеў пацвердзіць — чакай наступнай «раздачы» дат на падачу.
Іспанцы звычайна адкрываюць гэтыя даты двойчы на месяц. З’явіліся новыя варыянты падачы на шэнген у Маскве.
Зараз арганізаваную групу ахвотных вязуць аўтобусам у амбасаду Іспаніі. Гэта, вядома, не самы зручны варыянт, але трохі хутчэйшы: падача — на працягу двух тыдняў, яшчэ праз тры-чатыры тыдні можна атрымаць пашпарт з візай. Пры падачы ў Мінску на візу давядзецца чакаць каля пяці-шасці тыдняў.
Амбасада Італіі ў Маскве прымае беларусаў пры наяўнасці часовай рэгістрацыі ў Расіі. І людзей, якія яе маюць або гатовыя зрабіць, таксама хапае.
А як справы ў іншых амбасадах і «цёмных конях» кшталту Румыніі і Харватыі?
Глеб Ларыёнаў кажа, што падацца на шэнген у маладаследаваную амбасаду, канешне, можна. Але калі вы там нешта і атрымаеце, то практычна са 100% верагоднасцю гэта будзе віза пад канкрэтную паездку.
Чым гэта дрэнна? Тым, што перад гэтым замест вас у «адпачынак» на поўныя паўгода можа з’ехаць ваш пашпарт: такую страшылку яшчэ з 2023-га распавядаюць, напрыклад, пра амбасаду Харватыі.
— Але ў астатніх краінах, насамрэч, тэрміны больш-менш стандартныя. У кагосьці і патрабаванні даволі камфортныя: тая ж Румынія хоць і дае візу пад паездку, але ніякай справаздачнасці пра яе не патрабуе. Балгарыя — таксама праз раз.
Куды больш строга з гэтым у Венгрыі. У прынцыпе, венгерская амбасада — нядрэнны варыянт для падачы, трапіць туды рэальна на працягу месяца. Але абавязкова трэба аплаціць гатэль з асабістай карткі, а потым пацвердзіць выпіскай з банка, што грошы сышлі. Адмяняць браніраванне нельга, інакш прыйдзе «ліст шчасця» пра тое, што віза анулявана. Рэальныя кейсы ёсць.
Паводле слоў Глеба, падобным пачала займацца і калісьці папулярная Грэцыя. Так, візу ўсім запар з-за адмены гатэля не анулююць, але выпадкаў стала больш. Акрамя таго, грэкі славяцца адмовамі — нават у сезон. Многія ўжо перасталі разглядаць гэту амбасаду, бо варыянтаў там два: адмова або аднаразоўка. Грэцкі турыстычны шэнген хаця б на паўгода — гэта ўжо нешта з вобласці фантастыкі.
Топ варыянтаў для атрымання шматразовага шэнгена на гэты момант
Дык што рабіць, калі вы сярэднестатыстычны беларус без блізкіх сваякоў, дзелавых сувязяў і іншых прывілеяў у краінах Шэнгена і зусім не жадаеце марнаваць адпачынак у тураўскім аўтобусе?
Эксперт раіць наступную базавую стратэгію праходжання шляху да візы за больш-менш прыстойны тэрмін.
-
Пачынаем з Германіі. Самастойна запісаліся — забылі.
-
Прабіваем Іспанію. Калі мора не проста шэпча, а ўжо адкрыта крычыць у слухаўку з патрабаваннем прыехаць як мага хутчэй, візавыя агенты паспрабуюць арганізаваць запіс з безасабовай падачай нават сёння на заўтра. У больш спакойным тэмпе можна лавіць даты самастойна. Калі пашанцуе і паспяхова пройдзеце фотаверыфікацыю, то на працягу месяца, хутчэй за ўсё, трапіце ў амбасаду.
-
Не адкідваем маскоўскія варыянты — ізноў Іспанія або Італія. Гэта, вядома, абыдзецца даражэй: за афармленне той жа італьянскай візы «пад ключ» давядзецца аддаць €700. Затое калі за апошнія тры гады здавалі адбіткі пальцаў у якой-небудзь амбасадзе ці ВЦ, асабіста ехаць нікуды не прыйдзецца.
— Наогул, беларусы ўсё часцей пачынаюць рабіць візы праз Маскву, — дзеліцца назіраннямі Глеб Ларыёнаў. — І гэта зразумела: пакет дакументаў адзін і той жа, але ў Мінску табе, хутчэй за ўсё, паставяць першы шэнген на 30 дзён, а ў Маскве могуць даць і на паўгода, і на год, часам здараецца нават на два.
Хутка можа з’явіцца і маскоўскі варыянт Францыі — мінская амбасада зараз практычна не дае дат, акрамя як пад туры, таму я яе нават не згадваю.
А якія расклады па «простых» самастойных падачах?
Журналісты папрасілі чытачоў падзяліцца свежымі гісторыямі атрымання візы без пасярэднікаў. Не чакалі нейкіх нечаканых лайфхакаў з фіналам у духу «венгры далі год у чысты пашпарт» — і сапраўды, такога не было. З чатырох дзясяткаў тых, хто адгукнуўся, прыблізна палова ўсё ж такі звярнулася па дапамогу да сваякоў за мяжой, астатнія — пераважна з тых, хто доўгія месяцы цярпеў у чаканні паходу да немцаў.
Ніжэй — некалькі кейсаў, якія або натхняць, або прымусяць усё ж зірнуць кудысьці ў бок Паўднёвай Карэі ці Тайланда.
«Стаяла на «аварыйцы» і хутка адправіла заяўку»
Алена здавала ў італьянскі візавы цэнтр пашпарты адразу пяці чалавек: свой, мужа, маці і двух дзяцей. У жывую чаргу беларуска запісалася яшчэ ў жніўні 2024 года, а слот на падачу атрымалася злавіць толькі ў канцы студзеня 2025-га.
— Увесь дзень чакала паведамлення пра адкрыццё слотаў. Давялося выехаць па дачку, папрасіла сяброўку абнаўляць сайт ВЦ. Толькі выехала на трасу — тэлефануе, кажа, што прымаюць заяўкі. Я тут жа стала на «аварыйку» і хутка адправіла заяўку, на шчасце, усё патрэбнае ўжо было падрыхтавана. Падача была прызначаная на 4 сакавіка, дакументы на гэты раз разглядалі доўга: пашпарты вярнулі праз 20 дзён. У выніку нам з мужам і дзецьмі далі на тры гады, маме — увогуле на пяць гадоў.
У іншай чытачкі і яе маладога чалавека гісторыя адносін з італьянскай амбасадай яшчэ даўжэйшая, але таксама шчаслівая.
— Упершыню беларуска запісалася ў знакаміты «сшытак Алега» восенню 2023 года. Падацца і паспяхова атрымаць шэнген на тры месяцы атрымалася вясной 2024-га.
— Візу выкарысталі па прызначэнні: з’ездзілі на моры ў Італію. Потым удала злавілі прэміум-запіс, і наша наступная падача прыйшлася якраз на канец адпачынку. Па другую візу пайшлі ўжо з усімі пацверджаннямі знаходжання ў краіне. Два тыдні чакання — і гадавы шэнген у пашпарце.
Па выдатках атрымалася так:
- €35 — консульскі збор,
- €19 — паслугі візавага цэнтра,
- 190 рублёў — прэміум-падача.
— Вынік, лічу, шыкоўны. Рада, што самастойна ва ўсім разабралася і грошы мы патрацілі ў Італіі, а не аддалі «дапаможнікам». Нумарок у чарзе на трэцюю падачу, дарэчы, таксама ўжо ёсць.
«Чакаў паўтара года — атрымаў візу на 15 дзён»
Адзін з нашых чытачоў, які атрымаў візу ў нямецкай амбасадзе, чакаў сваёй чаргі з лістапада 2023-га па люты 2025-га. Да таго ж, гэта быў ужо трэці яго паход да немцаў: да гэтага ў пашпарт паспяхова ўклеілі дзве турыстычныя візы на тры месяцы.
— На гэты раз атрымаў гадавую. Усё рабіў сам. Лічу, што ў немцаў самая сумленная падача, бо любы чалавек у стане самастойна запісацца і сабраць патрэбныя дакументы. З мінусаў — вельмі вялікі тэрмін чакання, ну і, судзячы па статыстыцы, доўгатэрміновую візу атрымаць удаецца не заўсёды.
А вось Аляксандр, наадварот, заяўляе, што пасля нядаўняга візіту да немцаў «пакрыўдзіўся на іх і больш не прыйдзе». Гісторыя з візай у беларуса сапраўды атрымалася даволі непрыемная. На падачу Аляксандр запісаўся яшчэ ў кастрычніку 2023 года, прыйшоў у амбасаду з дакументамі ў лютым 2025-га. Прыкінуўшы свой багаты досвед паездак па Еўропе, вырашыў не разьменьвацца і запытаў шэнген адразу на пяць гадоў.
— Праз 10 дзён увесь такі радасны прыйшоў па пашпарт, спадзеючыся ўбачыць у ім візу хаця б на год. Аднак пасля паўтара года чакання атрымліваю візу на «цэлых» 15 дзён. На эмоцыях напісаў скаргу паслу, але, натуральна, маё пісьмо перанакіравалі ў візавы аддзел, і іх адказ звёўся да таго, што «час чакання не з’яўляецца крытэрыем для тэрміну дзеяння візы».
«27 студзеня злавіў запіс да іспанцаў на 29-е»
А вось яшчэ пара шчасліва скончаных паходаў у амбасаду Іспаніі. Першую візу ў сярэдзіне 2024 года чытач зрабіў з дапамогай агентаў. Паглядзеў, як уладкаваны ўвесь працэс, і вырашыў, што з наступнай справіцца сам.
— Праз некалькі месяцаў пачаў маніторыць слоты для запісу. Іспанцы на той момант спрасцілі сістэму, каб звычайным людзям стала рэальна запісацца без пасярэднікаў. Пасля з’яўлення месцаў слоты заставаліся свабоднымі яшчэ некалькі дзён. У выніку я запісаўся за два тыдні наперад.
Праз яшчэ пару тыдняў атрымаў запаветную візу на 90 дзён з шматразовым уездам. Радасці не было межаў! Увесь працэс атрымання візы падаўся яшчэ прасцейшым, чым праз агенцтва: на сайце ёсць зразумелыя інструкцыі.
Другая чытацкая гісторыя выглядае зусім як той самы выпадак «аднаго знаёмага іншых знаёмых», якому ўсё заўсёды даецца лёгка і хутка. З дапамогай бота, якога паказалі ў тэматычным тэлеграм-чаце, беларус 27 студзеня здолеў выхапіць свабодны слот на 29-е.
— За два дні падрыхтаваў усе дакументы і завёз у візавы цэнтр. Апошні шэнген да гэтага быў у 2019 годзе — грэчаскі. Дакументы рыхтаваў сам паводле гайду з чата, анкету наогул запоўніў ад рукі. Праз тры тыдні, 19 лютага, забраў пашпарт — атрымаў турыстычны мульцік на тры з паловай месяцы. Пасля гэтага з жахам чытаў, як нехта чакае нямецкую візу цэлы год.