Першая спроба вадалазаў дабрацца да патанулай машыны ў Падброддзі аказалася няўдалай
На палігоне ў Падброддзі працягваецца аперацыя па выманні з балота амерыканскай вайсковай машыны, якая там затанула. У нядзелю раніцай у інтэрв'ю LRT міністр нацыянальнай абароны Літвы Давіле Шакалене сказала, што працы працягваліся ўсю ноч, але прырода паступіла, паводле яе слоў, «вельмі жорстка».
На палігоне ў Падброддзі працягваецца аперацыя па выманні з балота амерыканскай вайсковай машыны, якая там затанула. Усе фота: USArmyEURAF / Facebook
«Кіраўнік аперацыі толькі што паведаміў мне, што на тое месца, дзе знаходзіцца бронемашына, упаў вялікі кавалак глебы. Пасля адпампоўкі большай часткі бруду, агульны ўзровень знізіўся. Спадзяюся, што засталося няшмат і вадалазы змогуць дабрацца да гэтага месца», — сказала міністр.
Паводле яе слоў, пакуль не ўдаецца вызначыць дакладнае становішча бронемашыны. «Ад гэтага шмат у чым будзе залежаць, як нам удасца ўчапіць бронемашыну і выцягнуць яе на паверхню», — падкрэсліла Шакалене.
Міністр дадала, што з дапамогай амерыканскіх вадалазаў робяцца спробы высветліць, ці ёсць вакол бронемашыны целы салдат. «Гэта адно з самых прыярытэтных пытанняў», — сказала яна.
У суботу позна ўвечары вадалазы ваенна-марскіх сіл ЗША здзейснілі першае апусканне, але не змаглі дабрацца да патанулай бронемашыны. Аб гэтым паведамляецца ў Facebook-акаўнце Узброеных сіл ЗША ў Еўропе і Афрыцы.
«Мяркуецца, што яна [машына] знаходзіцца прыкладна на 4-метровай глыбіні і пакрыта 2-метровым пластом бруду. Адпампоўванне вады і выдаленне глею працягнецца ноччу, а вадалазныя аперацыі адновяцца заўтра раніцай», — паведалялася ў пасце.
Вайсковая машына з чатырма амерыканцамі прапала падчас вучэнняў на літоўска-беларускай мяжы вечарам 25 сакавіка. Машына, як мяркуецца, правалілася на дно балота.