«Сядзеў сем разоў за крадзяжы». Каларытны беларус трапіў ва ўкраінскі палон, паваяваўшы тыдзень
Грамадзянін Беларусі Руслан Шуста здаўся ва ўкраінскі палон каля Тарэцка. Мужчына расказаў, што трапіў на фронт з расійскай зоны, дзе ён у сёмы раз сядзеў за крадзяжы.
Руслан Шуста
Відэа з палонным з’явілася ў тэлеграм-канале ўкраінскага журналіста Андрэя Цапліенкі. У роліку беларус называе сваё поўнае імя — Руслан Станіслававіч Шуста, а таксама дату нараджэння — 12 студзеня 1981-га.
Руслан расказвае пра няхітры шлях, якім ён трапіў на фронт:
«Сядзеў сем разоў за крадзяжы. З калоніі мяне забралі, прывезлі сюды. Спачатку ў Варонеж, потым у Растоў-на-Доне, потым на Шахты, Горлаўку. І з Горлаўкі мы трапілі да нейкай вёскі ва Украіне».
Беларус удакладняе, што ён прыехаў «у бок Украіны» толькі сем дзён таму. Ваяваў Руслан у 103-м палку, нумар дывізіі не памятае. «Вёскай» ён называе ўкраінскі горад Тарэцк, за які цяпер ідуць баі.
Паводле слоў Руслана, яго падраздзяленне атрымала задачу «дайсці да канца Тарэцка». Назад, кажа беларус, дарогі не было — там прыстрэлілі б свае, пра што і было сказана штурмавікам.
Чытайце таксама:
Пасля пачатку перамоў аб перамір'і расійская армія праводзіць рэкордную колькасць «мясных штурмаў»