У Італіі затрымалі румынаў, што мянялі старыя беларускія купюры на еўра
У італьянскай правінцыі Брэшыя затрымалі чатырох грамадзян Румыніі, якія спрабавалі абмяняць выведзеныя з абарачэння беларускія банкноты на еўра, піша «Беларусь і свет» са спасылкай на Corriere della Sera.
Інцыдэнт адбыўся ў сераду, 26 сакавіка, днём на дарозе 45bis каля італьянскай камуны Басана-Брэшана. Чатыры румыны, адзін з якіх быў непаўналетні, перамяшчаліся на ўседарожніку BMW X6 з англійскімі нумарамі. Яны спынялі машыны і прасілі кіроўцаў абмяняць замежныя купюры на еўра, каб, нібыта, заправіцца.
Іх план сарваў карабінер, які вяртаўся дадому пасля службы і заўважыў спробу махлярства. Ён патэлефанаваў калегам, і тыя аператыўна прыехалі на месца, затрымаўшы падазраваных.
На момант затрымання махляры ўжо амаль ашукалі 23-гадовую жанчыну. Яна адгукнулася на просьбу 16-гадовага хлопца і ўжо перадала яму купюру ў 50 еўра. Падлетак ужо адыходзіў, калі з’явіліся праваахоўнікі. У выніку ўсіх чатырох затрымалі, грошы жанчыне вярнулі, яна падала заяву.
У падлетка канфіскавалі 22 банкноты наміналам 500 беларускіх рублёў і 2 купюры ў 1000 румынскіх леяў — усе ўжо не з’яўляюцца законным сродкам аплаты. Пасля затрымання ўсіх адпусцілі да суда, не змяшчаючы пад варту.