Бербак: Больш чым відавочна — план Пуціна праваліўся
Міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербак здзейсніла, верагодна, свой апошні візіт у Кіеў у гэтым статусе. Гэта ўжо адзінаццатая паездка кіраўніка МЗС ва Украіну з пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання, піша Bild.
Міністарка замежных спраў Германіі Аналена Бербак. Фота: AP Photo / Markus Schreiber
«Германія прадаставіць Украіне яшчэ 130 мільёнаў еўра на гуманітарныя патрэбы і стабілізацыйныя меры», — заявіла Бербак ў Кіеве.
Кіраўнік МЗС падкрэсліла, што падтрымка асабліва важная на фоне «тупіка ў стасунках паміж ЗША і Расіяй». Паводле яе слоў, Расія працягвае цягнуць час, высоўваючы ўсё новыя ўмовы, і не гатовая да сапраўдных перамоваў.
«Пуцін хацеў заваяваць Кіеў і Украіну за тры дні. Пасля больш чым трох гадоў жорсткай расійскай агрэсіі больш чым відавочна — план Пуціна праваліўся. Ён уцягнуў не толькі Украіну, але і Расію ў жорсткую вайну на знясіленне, у якой ён не пераможа», — дадала Бербак.
На наступнай сустрэчы міністраў замежных спраў NATO, якая пройдзе ў Брусэлі, Бербак мае намер папярэдзіць амерыканцаў, што «на зацягванне часу з боку Пуціна нельга паддавацца». Паводле яе слоў, нават пасля змены ўрада ў Германіі падтрымка Украіны застанецца «рашучай і маштабнай»