БЕЛ Ł РУС

Некалькі чалавек атрымалі адмову ў падачы хадайніцтва аб прытулку на мяжы з Беларуссю

2.04.2025 / 10:34

Nashaniva.com

Некалькі чалавек атрымалі адмову ў падачы хадайніцтва аб прытулку на мяжы з Беларуссю пасля таго, як польскі ўрад абмежаваў такое права. Пра гэта ў эфіры RMF24 распавёў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, піша Reform.news.

Плот з боку Польшчы на мяжы з Беларуссю. Фота: Straž graniczna

Нагадаем, тыдзень таму прэзідэнт краіны Анджэй Дуда падпісаў папраўкі ў закон аб прадастаўленні абароны замежнікам на тэрыторыі краіны, а на наступны дзень урад прыняў адпаведнае распараджэнне, якім права на падачу хадайніцтва было прыпынена на тэрмін у 60 дзён на мяжы з Беларуссю.

«Больш, чым адзінкі, але менш, чым дзясяткі», — так адказаў Сікорскі на пытанне пра колькасць адмоў.

Ён нагадаў, што мігранты па-ранейшаму маюць права хадайнічаць аб прадастаўленні міжнароднай абароны ў Польшчы ў дыпламатычных прадстаўніцтвах краіны ў Мінску і Маскве.

«Гэта можна зрабіць у консульстве Польшчы ў Мінску або Маскве. Нагадаў бы, што гэта людзі, прывезеныя расіянамі з Блізкага Усходу і пераправленыя ў Беларусь з мэтай сілай прабіцца ў Еўрасаюз», — сказаў ён.

Міністр канстатаваў рост міграцыйнага ціску на мяжы з Беларуссю. «Маем справу з узмацненнем атак на нашай усходняй мяжы», — дадаў ён.

Сікорскі падкрэсліў эфектыўнасць мер па ўмацаванні фізічнага і электроннага бар’ера, што дазваляе памежнікам хутчэй рэагаваць на парушальнікаў мяжы.

Па інфармацыі польскай Памежнай аховы за аўторак было спынена больш за 110 спробаў парушэння мяжы мігрантамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула