БЕЛ Ł РУС

Уолц і яго каманда выкарыстоўвалі неабароненую пошту Google для дзяржаўных спраў

2.04.2025 / 11:33

Nashaniva.com

Дарадца Трампа па нацыянальнай бяспецы яшчэ не выйшаў з аднаго скандалу, як журналісты накапалі іншы. 

Майк Уолц. Фота: AP Photo / Jose Luis Magana

Дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Майк Уолц і яго каманда выкарыстоўвалі неабароненую электронную пошту Google для вядзення дзяржаўных спраў, піша The Washington Post.

Тры амерыканскія чыноўнікі ў каментарах выданню адзначылі, што члены Рады нацыянальнай бяспекі прэзідэнта ЗША вялі дзяржаўныя справы праз асабістыя акаўнты Gmail. Гэта таксама пацвердзілі дакументы, з якімі азнаёмілася The Washington Post.

Згодна з электроннымі лістамі, Уолц выкарыстоўваў электронную пошту для размоў з калегамі з іншых дзяржаўных устаноў, якія, у тым ліку, тычыліся важных вайсковых спраў. 

Па словах суразмоўцаў, Уолц атрымліваў інфармацыю пра свой графік і іншыя працоўныя дакументы праз пошту Google. Яны сказалі, што часам дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы капіраваў даныя і ўстаўляў са свайго графіка ў Signal для каардынацыі сустрэч і абмеркаванняў.

Эксперты кажуць, што выкарыстоўваць асабістую электронную пошту, нават для несакрэтных матэрыялаў, рызыкоўна, улічваючы каштоўнасць для замежных спецслужб інфармацыі пра кантакты і парадак дня высокапастаўленых чыноўнікаў урада ЗША.

Нагадаем, нядаўна ў ЗША разгарэўся іншы скандал вакол Майка Уолца. Ён выпадкова дадаў галоўнага рэдактара The Atlantic Джэфры Голдберга ў сакрэтны чат Signal, дзе абмяркоўваліся ўдары па еменскіх хусітах. 

Дональд Трамп стаў на бок свайго дарадцы і адмовіўся звальняць яго. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула