У Мінпрацы назвалі памер мінімальнага заробку для падлеткаў
Мінпрацы паведаміла, што непаўналетнія могуць зарабіць ад 726 рублёў.
У ведамстве адзначылі, што ў краіне можна пачынаць працаваць з 14 гадоў. Аднак для гэтага спатрэбіцца пісьмовая згода аднаго з бацькоў. А з 16 гадоў рашэнне аб рабоце непаўналетні можа прымаць самастойна.
Разам з тым для падлеткаў прадугледжана скарочаная працягласць працоўнага часу.
Так, ад 14 да 16 гадоў яна складае не больш за 23 гадзіны на тыдзень, а падчас канікул — не больш за 4 гадзіны 36 хвілін у дзень. І гаворка ідзе толькі пра лёгкія працоўныя задачы. Пры гэтым з 16 да 18 гадоў працягласць працоўнага часу павінна быць не больш за 35 гадзін (7 гадзін падчас канікул).
Паведамляецца, што падлеткаў забаронена прыцягваць да начных, звышурочных, а таксама да работ у святочныя і выходныя дні.
«Памер налічанай заработнай платы за поўнасцю адпрацаваны месяц не павінен быць меншым за мінімальную заработную плату — 726 рублёў», — заявілі ў ведамстве.