БЕЛ Ł РУС

Пасол Расіі апалчыўся на палітэмігрантаў за «паўзучую паланізацыю» Беларусі

2.04.2025 / 23:11

Nashaniva.com

Рукамі беларускіх палітычных эмігрантаў «рэалізуецца чарговая спроба паўзучай паланізацыі» Беларусі. Такая заява ўтрымліваецца ў артыкуле пасла Расіі ў Беларусі Барыса Грызлова, выдадзеным да «Дня яднання народаў» і распаўсюджанай расійскай дыпмісіяй ды прапагандысцкімі рэсурсамі, заўважыў «Позірк».

Барыс Грызлоў. Фота: Contributor/Getty Images

«Іх галоўная зброя — мяккая сіла, публікацыі, якія завабліваюць у сацсетках, бяскрыўдныя на першы погляд вірусныя відэаролікі і старанна аформленыя пазнавальныя матэрыялы пра «слаўныя» біяграфіі псеўдагерояў, якія на справе з'яўляюцца здраднікамі і прыгнятальнікамі беларускай культуры, мовы і духоўнай спадчыны», — напісаў Грызлоў.

Ён назваў гэта часткай «вялікай і старанна спланаванай інфармацыйна-псіхалагічнай спецаперацыі, закліканай закласці каштоўнасны і ідэалагічны падмурак для наступнага фарміравання нацыяналістычнага руху, якое ў выніку павінна выліцца ў чарговы «Еўрамайдан».

Паводле сцвярджэння дыпламата, супраць Масквы і Мінска нібыта вядзецца «гібрыдная агрэсія, развязаная заходнімі элітамі».

«Гэтая небяспечная гульня, накіраваная таксама супраць саюзу Расіі і Беларусі, закліканая сфармаваць у братняга беларускага народа фальшывы вобраз варожага моцнага суседа, які марыць — не зусім зразумела, навошта — падпарадкаваць і захапіць. У крывым люстэрку такога ўспрымання інтэграцыя паўстае ледзь не каланіяльным працэсам, несумяшчальным з захаваннем Беларуссю дзяржаўнага суверэнітэту», — лічыць ён.

«Заходняя прапаганда», паводле версіі Грызлова, «імкнецца перакруціць гісторыю ўзаемаадносін расіян і беларусаў»: «разбурыць наш духоўны пачатак». Паслу ў сувязі з гэтым «відавочная пагроза, якую тоіць у сабе патуранне разбуральнаму ашалеламу нацыяналізму, якое карэніцца ў адмаўленні этнакультурнага сваяцтва ўсходніх славян». На яго думку, «менавіта такі сцэнар быў рэалізаваны ва Украіне».

Абвінавачванні, якія гучаць з іх вуснаў на адрас Расіі, што тая мае намер «паглынуць, асіміляваць, пазбавіць суверэнітэту» — гэта, маўляў, не больш чым адгалоскі ўнутранага канфлікту, які раз'ядае Захад: «У іх карціну свету, заснаваную на падначаленні «вялікаму пану», ніяк не ўпісваецца магчымасць выбудоўвання раўнапраўных адносін».

«Захад укладае каласальныя сродкі і рэсурсы ў ідэалагічную апрацоўку насельніцтва, перш за ўсё — моладзі», — напісаў Грызлоў.

Паводле яго сцвярджэння, прасоўваецца тэзіс, што Беларусь «нібыта з'яўляецца часткай заходняй цывілізацыі», «з народнай памяці старанна выкрэсліваюцца старонкі не такой даўняй гісторыі, у прыватнасці, той, якая папярэднічала вызваленню Чырвонай Арміяй у 1939 годзе Заходняй Беларусі ад польскай акупацыі».

Чытайце таксама:

Страляць з гармат у Мінску і Брэсце цяпер будуць кожны год

Чаму Беларусь нельга лічыць акупаванай? Тлумачыць юрыст

Пасол Расіі: Захаду не ўдасца паставіць Беларусь і Расію на калені

Каментары да артыкула