Акцыі ЗША пасля аб'яўлення Трампам гандлёвай вайны патаннелі амаль на $3 трыльёны за гадзіну
Рашэнне Дональда Трампа абкласці тарыфамі ўвесь імпарт, які паступае ў ЗША, і ўвесці асобныя мыты для найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Штатаў абярнулася наймацнейшым з часоў пандэміі абвалам на амерыканскім фондавым рынку, піша The Moscow Times.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
На старце таргоў у чацвер індэкс S&P500 упаў больш чым на 4%, Nasdaq — на 4,9%, Dow Jones — на 3,7%, а індэкс Russell 2000, куды ўваходзяць кампаніі малой капіталізацыі, абваліўся амаль на 7%.
Крыху больш чым за гадзіну таргоў уваходныя паперы найбуйнейшых амерыканскіх кампаній патаннелі на $2 трыльёны. А агульная капіталізацыя рынку ЗША абрынулася на $2,7 трыльёна — рэкордна з 2020 года, паводле падлікаў The Wall Street Journal.
Акцыі Apple, заводы якой знаходзяцца ў Кітаі, што трапіў пад самыя суровыя мыты Трампа, абваліліся на 9,5%. У выніку кампанія патаннела на $300 мільярдаў. Паперы рытэйлераў Target і Dollar Tree, паліцы якіх напоўненыя кітайскімі таварамі, абваліліся больш чым на 12%. Amazon страціла $165 мільярдаў капіталізацыі, Nvidia — $183 мільярды.
Мільярдныя страты панеслі найбуйнейшыя донары Трампа: Ілан Маск збяднеў на $6 мільярдаў праз абвал акцый Tesla, а Стывен Шварцман, кіраўнік інвестфонду Blackstone Group, страціў $3 мільярды, піша The New York Times.
Наймацнейшае за тры гады падзенне перажыў рынак нафты: ф'ючарсы на гатунак Brent патаннелі на 7% і апускаліся ніжэй за $70 за барэль. Індэкс Масбіржы асеў на 2,3% і завяршыў у мінусе 12-ы дзень запар, чаго біржавая статыстыка не бачыла ні разу ў сучаснай гісторыі Расіі.
Выступаючы ў сераду ўвечары ў Ружовым садзе Белага дома, Трамп абвясціў пра рашэнне ўвесці 10-працэнтныя тарыфы на большасць тавараў, імпартаваных у ЗША, у тым ліку дадатковыя 34-працэнтныя мыты для Кітая і 20-працэнтныя для Еўрапейскага Саюза.
У выніку сярэдняя стаўка тарыфаў ЗША на ўвесь імпарт вырасла з 2,5% у 2024 годзе да 22% — узроўню, які апошні раз назіраўся каля 1910 года, сказаў Олу Санола, кіраўнік аддзела эканамічных даследаванняў ЗША ў Fitch Ratings.
«Гэта цалкам мяняе правілы гульні не толькі для эканомікі ЗША, але і для сусветнай эканомікі, — сказаў Санола. — Многія краіны, верагодна, чакае рэцэсія».
Маштабы тарыфаў аказаліся значна вышэйшымі, чым чакалася: па разліках Белага дома, яны прынясуць у амерыканскі бюджэт $6 трыльёнаў у найбліжэйшыя 10 гадоў і скароцяць дэфіцыт, які ў 2024 годзе разросся да беспрэцэдэнтных $3 трыльёнаў, а ў 2025-м — б'е леташнія рэкорды.
Па сутнасці рашэнне Трампа — гэта найбуйнейшая з канца 1960-х падатковая рэформа, пішуць аналітыкі JP Morgan. Цаной напаўнення бюджэту, зрэшты, могуць стаць рэцэсія ў ЗША, рэцэсія ў Еўрасаюзе і глабальная стагфляцыя, лічыць Дэвід Рош, стратэг Quantum Strategy.
Улады ЕС рыхтуюць пакет контрмераў у адказ на мыты Трампа, заявіла ў чацвер кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Кітай выступае «рашуча супраць» уведзеных ЗША тарыфаў і таксама «прыме контрмеры для абароны сваіх правоў і інтарэсаў», папярэдзіла мясцовае Мінгандлю.
Чытайце таксама:
«Еўропа гатовая адказаць». Урсула фон дэр Ляен пракаментавала абвешчаную Трампам гандлёвую вайну
Супраць Беларусі тарыфы Трампа не ўведзеныя
«Дзень вызвалення Амерыкі». Дональд Трамп абвясціў усяму свету гандлёвую вайну