БЕЛ Ł РУС

Для арэндных самакатаў уведзены абмежаванні ў Мінску

5.04.2025 / 14:21

Nashaniva.com

Меры прынятыя для забеспячэння бяспекі іх карыстальнікаў, паведаміў БелТА намеснік начальніка УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзяніс Лівановіч.

«Улічваючы актуальнасць кікшэрынгавых сэрвісаў, што дзейнічаюць на тэрыторыі сталіцы, а таксама павелічэнне колькасці арэндных СПМ, размешчаных на вулічна-дарожнай сетцы горада, Мінскім гарвыканкамам прынята рашэнне аб унясенні змяненняў у парадак ажыццяўлення дзейнасці кікшэрынгавых сэрвісаў», — падкрэсліў міліцэйскі чыноўнік.

Рашэннем прадугледжаны шэраг абмежаванняў, у тым ліку абмежаванне хуткасці руху арэндных сродкаў персанальнай мабільнасці, а таксама ўвядзенне забаронаў на здзяйсненне пэўных дзеянняў на асобных участках вулічна-дарожнай сеткі сталіцы.

Раней казалі пра з'яўленне так званых «павольных зон» — гэта пешаходныя вуліцы і месцы вялікага скаплення людзей. Тут хуткасць самакатаў абмяжоўваецца 10—15 км/г, прычым абмежаванне ўводзіцца самімі прыладамі. Яны могуць не толькі запавольвацца, але і поўнасцю спыняцца.

У «павольныя зоны» сталіцы трапляе цэнтральная частка горада і першае транспартнае кальцо па вуліцах Мельнікайце, Сухой, Калектарнай, Свярдлова, Ульянаўскай, Багдановіча, Казлова, Старажоўскай і праспекце Незалежнасці. У спісе таксама раён Камароўскага рынку, паркі Перамогі, імя Грэкавай, Чалюскінцаў, тэрыторыі каля буйных гандлёвых цэнтраў і шэраг іншых пляцовак.

Акрамя таго, цяпер карыстальнік можа выбраць адзін з трох хуткасных рэжымаў: «эка» (не больш за 15 км/г), «драйв» (да 20 км/г), «спорт» (максімум 25 км/г), — патлумачыў эксперт.

Чытайце таксама:

У Мінску з’явяцца «марудныя зоны» для самакатаў. Дзе менавіта?

Каментары да артыкула