Першыя масавыя пратэсты ў ЗША пасля вяртання Трампа ў Белы дом. Сам ён гуляе ў гольф
Натоўпы ліберальных пратэстоўцаў сабраліся ў амерыканскіх гарадах на маніфестацыі супраць палітыкі прэзідэнта Дональда Трампа. Гэта найбуйнейшая агульнанацыянальная акцыя пратэсту ў ЗША з таго часу, як Трамп уступіў на пасаду, піша ВВС.
Пратэстоўцы мітынгуюць супраць Трампа ў Мінесоце. Фота: Christopher Mark Juhn / Anadolu via Getty Images
Арганізатары кампаніі Hands Off («рукі прэч») планавалі акцыі ў 1200 месцах ва ўсіх 50 штатах. У суботу вялікія натоўпы людзей можна было назіраць у Бостане, Нью-Ёрку, Чыкага, Лос-Анджэлесе і Вашынгтоне.
Сярод насельніцтва буйных гарадоў у ЗША пераважаюць супернікі Трампа. Аднак публічных пратэстаў у апошнія месяцы было няшмат.
Каментатары ў СМІ тлумачаць гэта рознымі прычынамі: ад стомленасці і дэпрэсіі ліберальнай часткі амерыканскага грамадства ад шматгадовай культурнай вайны да страху, што гэта справакуе Трампа адказаць гвалтам.
Фота: Jacek Boczarski / Anadolu via Getty Images
Фота: Jacek Boczarski / Anadolu via Getty Images
Ужо падчас пратэстаў за расавую справядлівасць у 2020 годзе многія прыхільнікі Трампа заклікалі яго прымяніць Акт аб паўстаннях, выдадзены на світанку амерыканскай незалежнасці ў 1807 годзе, і ўвесці войскі ў буйныя гарады. Падчас свайго другога тэрміну Трамп мала лічыцца з няпісанымі, а нярэдка і з пісанымі нормамі амерыканскай палітыкі і атачае сябе лаяльнымі людзьмі, гатовымі выканаць любы ягоны загад.
Пасля аб'яўлення Трампам высокіх мытных тарыфаў на імпарт дэманстрацыі салідарнасці прайшлі і ў многіх іншых краінах, у прыватнасці ў Лондане, Парыжы і Берліне.
Фота: Jacek Boczarski / Anadolu via Getty Images
У Вашынгтоне на мітынгу выступілі заканадаўцы ад Дэмакратычнай партыі. Яны асабліва шмат казалі аб ўплыве багатых донараў Трампа, перш за ўсё Ілана Маска. Кангрэсмен з Фларыды Максвел Фрост назваў гэта «паглынаннем нашага ўрада мільярдэрамі».
«Калі вы крадзеце ў народа, чакайце, што народ паўстане. Каля выбарчых скрыняў і на вуліцах», — падкрэсліў палітык.
У самога Трампа ў суботу публічных мерапрыемстваў не было. Ён гуляў у гольф у Мар-а-Лага і мае намер працягваць гуляць і ў нядзелю.
Том Хоўман, выконваючы абавязкі кіраўніка іміграцыйнай паліцыі ICE, у інтэрв'ю кансерватыўнаму каналу Fox News адазваўся аб пратэстуючых грэбліва: «Яны могуць пратэставаць у пустуючага дома, колькі хочуць… Пратэсты і мітынгі нічога не значаць. Так што няхай ідуць і рэалізуюць свае правы паводле Першай папраўкі [на свабоду слова]. Гэта нічога не зменіць».