БЕЛ Ł РУС

«Спрэс шыфраванне й намёкі». У «Музеі Вольнай Беларусі» з'явіўся сакрэтны артэфакт 1773 года

6.04.2025 / 12:44

Nashaniva.com

Фонд «Музея Вольнай Беларусі» ў Варшаве папоўніўся нехарактэрным для яго экспанатам — сакрэтным лістом, напісаным у 1773 годзе берасьцейскім ваяводам Янам Антоніем Гараінам, які абараняў незалежнасць Рэчы Паспалітай ад Расійскай імперыі, распавядае «Свабода».

Ліст 1773 году з Берасьця, набыты Музеем Вольнай Беларусі ў Польшчы

«Музэй Вольнай Беларусі» заснаваны ў Варшаве ў ліпені 2022 году. Ствараўся для збору, захаваньня, вывучэньня, папулярызацыі гісторыка-культурных фэномэнаў і артэфактаў, якія адлюстроўваюць барацьбу беларускага народу за дэмакратычныя каштоўнасьці. Усе экспанаты былі зьвязаныя з пратэстамі 2020 года. Але днямі ў музэі зьявіўся артэфакт, датаваны 1773 годам.

Дырэктарка музэю Натальля Задзяркоўская патлумачыла, што яны вырашылі не абмяжоўвацца 2020 годам — рэпрэсіямі, рэчамі з турмаў, лістамі палітвязьняў — а паступова пераўтварацца ў клясычны музэй.

Дырэктарка Музэя Вольнай Беларусі ў Варшаве Натальля Задзяркоўская

Беларускія гісторыкі, зь якімі супрацоўнічае музэй, пастаянна адсочваюць, што выстаўляецца на інтэрнэт-аўкцыёнах у Польшчы, бо нямала артэфактаў, якія трапляюць на аўкцыённыя палічкі, могуць мець дачыненьне да гісторыі Беларусі.

Часам там зьяўляюцца арыгінальныя дакумэнты, якімі мог бы зацікавіцца і Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусі: лісты, граматы, прывілеі ХVI—XVII стагодзьдзяў. Часьцяком такія дакумэнты трапляюць на антыкварны рынак з прыватных архіваў шляхотных асобаў. У Беларусі цяжка ўявіць, што ў прыватных архівах могуць захоўвацца дакумэнты 300-гадовай даўніны, а ў Польшчы гэта зьява распаўсюджаная, тлумачыць гісторык, які супрацоўнічае з музэем і пагадзіўся паразмаўляць з Свабодай на ўмовах ананімнасьці.

Дарагая кніга Мікалая Крыштафа Радзівіла

Нядаўна на адным з польскіх аўкцыёнаў дасьледнікі знайшлі некалькі лотаў, зьвязаных зь беларускай гісторыяй і культурай. Там былі і «тыражныя» рэчы, якія выпускаліся вялікімі накладамі (напрыклад, кнігі).

«На аўкцыён была выстаўлена кніга, на якую мы ня сталі нават «замахвацца» — настолькі яна дарагая: «Пэрэгрынацыя ў Сьвятую Зямлю» Мікалая Крыштафа Радзівіла. Гэта ўспаміны пра падарожжа ў Палестыну. Кніга каштоўная, цікавая, але мы не пацягнулі б такую куплю. Здаецца, усё ж яна трапіла ў рукі беларусаў.

Яшчэ бачылі партрэты Касьцюшкі, выявы добраахвотнікаў — удзельнікаў паўстаньня Каліноўскага, надрукаваныя ў францускай прэсе таго часу (гэта таксама «тыражныя» рэчы). Была выпіска з актавых кніг Слонімскага магістрату, але яна другасная, зробленая з арыгіналу», — гісторык пералічвае, што цікавага бачыў на польскіх аўкцыёнах.

«На тэрыторыі Беларусі яшчэ заставаліся патрыёты»

Нарэшце адмыслоўцы зьвярнулі ўвагу на ліст, напісаны 17 ліпеня 1773 году ўдзельнікам Барскай канфэдэрацыі, дзеячом Вялікага Княства Літоўскага Янам Антоніем Гараінам, які ў той час быў берасьцейскім ваяводам.

Ліст напісаны ва ўмовах жорсткага палітычнага супрацьстаяньня ў Рэчы Паспалітай пасьля першага яе падзелу, калі ішла зацятая барацьба паміж рознымі палітычнымі групоўкамі, падтрыманымі Расеяй, Прусіяй, Аўстрыяй.

«У Рэчы Паспалітай у той час было поўна расейскіх шпіёнаў, расейскіх і прускіх войскаў. Дзяржава стала «прахадным дваром». Пра Рэч Паспалітую казалі: «Калі ты ня маеш сваёй арміі, будзеш карміць арміі іншых дзяржаваў». У гэты час на тэрыторыі Беларусі, на тэрыторыі Рэчы Паспалітай заставаліся яшчэ патрыёты, якія горача імкнуліся захаваць гэтую дзяржаву. Адным з такіх патрыётаў быў Ян Антоні Гараін», — заўважае гісторык.

Гараін удзельнічаў у канфэдэрацыях (палітычных згуртаваньнях) супраць каралёў — Аўгуста ІІ Моцнага і Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ён быў удзельнікам Барскай канфэдэрацыі.

«А сама Барская канфэдэрацыя — гэта ўзброенае супрацьстаяньне волі караля, які ішоў на повадзе Расеі і схіляўся да падзелу Рэчы Паспалітай. Барская канфэдэрацыя імкнулася не дазволіць гэтага. І чалавек, які са зброяй у руках абараняў цэласнасьць сваёй дзяржавы, быў яе патрыётам.

Гэта ў пэўным сэнсе перагукаецца з сучаснымі выклікамі для Беларусі, з тым, што зараз адбываецца ў сьвеце. Гэта нам вельмі пасуе, бо наша тэматыка — дэманстрацыя барацьбы беларусаў за сваю незалежнасьць, за сваю годнасьць, за правы чалавека, за свае нацыянальныя інтарэсы», — заўважае гісторык.

Артэфакт 1773 году з Берасьця, набыты супрацоўнкіамі Музэю Вольнай Беларусі

Спрэс шыфраваньне й намёкі

Аўтар ліста выкарыстаў захады засьцярогі, шмат чаго зашыфраваў з увагі на тое, што ўся карэспандэнцыя ў той час люстравалася, праходзіла цэнзуру, мяркуе суразмоўца.

«Дасьледнікі аўкцыённага дому, якія працавалі з дакумэнтам, прыйшлі да наступных высноваў. Па-першае, ліст пісаўся таемна. Ён насычаны намёкамі і паўнамёкамі. Незразумела, каму канкрэтна гэты ліст адрасаваўся, на канвэрце пазначана імя «Grycen» (але такі чалавек не фігуруе ў сьпісах жыхароў гораду, у сьпісах вядомых дзеячоў).

Аўтар ліста зашыфраваў і сваё імя — унізе можна пабачыць «J Niaroh» — калі прачытаць ззаду наперад, атрымліваецца «Гораін». Яшчэ ёсьць «прывітаньне» расейскаму амбасадару ў Рэчы Паспалітай Штакельбэргу. Падобна, аўтар імкнуўся такім чынам засьцерагчы ліст ад пільнага чытаньня: маўляў, ён мае адносіны да расейскай улады. А можа, гэта іронія: маўляў, «я ўсё адно ведаю, што ты мяне чытаеш!» — мяркуе гісторык.

Дасьледнікі таксама адзначаюць, што звычайна чырвоная сургучная пячатка штампавалася асабістым пярсьцёнкам-сыгнэтам, каб было зразумела, хто аўтар. Дык вось гэты ліст быў запячатаны без адбітку сыгнэту — для ананімнасьці.

У лісьце ідзецца пра палітычныя падзеі тых часоў. Гараін апавядае, што нядаўна быў на сустрэчы, дзе прысутнічалі два іншыя ваяводы, а таксама прадстаўнікі княскага роду (магчыма, меліся на ўвазе Радзівілы). Ён узгадвае свайго пляменьніка Яна Непамуцэна, які пазьней стане ўдзельнікам паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. Ваявода напісаў пра яго не зусім зразумелую фразу: «у яго вялікія здольнасьці і праз гэта ён мала што робіць». Падобна, тут Гараін штосьці зашыфраваў, мяркуе гісторык.

«Ёсьць некалькі фразаў пра тое, што на самога Гараіна ідзе ціск, каб ён штосьці падпісаў. Магчыма, згоду ўзаконіць падзел Рэчы Паспалітай. Гараін піша, што ні на што такое ня пойдзе. Можна прыйсьці да высновы, што гэта пасланьне палітычнага характару. Для адмыслоўцаў, дасьледнікаў той эпохі гэты ліст — цікавы дакумэнт. Можа, дасьледнікі расшыфруюць пасланьні, якія ўклаў у паведамленьне сам Ян Антоні Гараін», — спадзяецца гісторык.

Набыць на аўкцыёне гэты артэфакт стала магчымым дзякуючы падтрымцы «Музэю Вольнай Беларусі» амбасадай Каралеўства Нідэрляндаў у Варшаве.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула