БЕЛ Ł РУС

Адкуль столькі жудасных партрэтаў знакамітасцяў у «Вікіпедыі»? Цяпер гэта спрабуюць выправіць

6.04.2025 / 17:1

Nashaniva.com

«Вікіпедыя» — адзін з самых наведвальных сайтаў свету, аднак, як прызнаюць некаторыя з яе рэдактараў-валанцёраў, многія яе старонкі праілюстраваны вельмі пасрэднымі фотаздымкамі. Асабліва гэта кідаецца ў вочы ў артыкулах пра знакамітасцяў.

Два фота акцёра Элайджы Вуда. Злева стары, справа новы. Фота: Wikipedia / Gage Skidmore / Bryan Berlin

Артыкулаў пра вядомых людзей з вельмі старымі ці вельмі непахвальнымі для іх фотаздымкамі ў «Вікіпедыі» настолькі шмат, што ёсць нават спецыяльныя Instagram-акаўнты, прысвечаныя самым горшым з іх, расказвае Бі-бі-сі.

Адбываецца гэта таму, што прафесійныя фатографы, якія наведваюць, напрыклад, рознага роду кінапрэм'еры, як правіла, працуюць на буйныя агенцтвы: іх работы абароненыя аўтарскім правам і за іх выкарыстанне звычайна трэба плаціць.

У «Вікіпедыі», якая ў асноўным жыве за кошт ахвяраванняў сваіх карыстальнікаў, грошай на гэта проста няма.

А таму ініцыятыўная група распрацавала і запусціла праект WikiPortraits, мэта якога — набраць па ўсім свеце фатографаў-добраахвотнікаў і акрэдытаваць іх для наведвання кінафестываляў, канферэнцый і іншых мерапрыемстваў, каб зрабіць патрэбныя здымкі.

«Фатаграфій людзей у «Вікіпедыі» доўгі час амаль не было — а тыя, што зрэдку трапляліся, былі дрэннай якасці, — згадвае адзін з арганізатараў новага фотапраекта Кевін Пейраві. — І як рэдактары «Вікіпедыі» мы ўвесь час пра гэта думалі».

У дачыненні да фатаграфій і захавання аўтарскіх правоў у «Вікіпедыі» дзейнічаюць строгія правілы, а таму загружаныя выявы павінны належаць іх аўтарам, але распаўсюджвацца па свабоднай ліцэнзіі або лічыцца грамадскім здабыткам.

У выніку ў «Вікі» шмат фатаграфій, зробленых не прафесійнымі фатографамі, а энтузіястамі-аматарамі.

У некаторых выпадках гэта азначае, што якасць выявы проста пакідае жадаць лепшага — аднак часцей усё нашмат горш.

Адзін з прыкладаў — артыкул пра англійскага футбаліста Кайла Бартлі, няўдалае фота якога было зроблена яшчэ ў 2011 годзе.

Фотаздымак футбаліста Кайла Бартлі з пальцам суперніка. Фота: Wikipedia / Creative commons / Alasdair Middleton

Праект WikiPortraits быў запушчаны ў пачатку 2024 года.

Працуюць фатографы на бязвыплатнай аснове. Хоць большасць з іх жывуць у ЗША, у працы задзейнічаныя добраахвотнікі з усяго свету.

Дзякуючы праекту WikiPortraits абнавіў сваю выяву ў «Вікіпедыі» і Джон Джампер, які атрымаў летась Нобелеўскую прэмію па хіміі (разам з Дэвідам Бэйкерам і Дэмісам Хасабісам)

У асноўным занятыя ў праекце валанцёры — звычайныя энтузіясты «Вікіпедыі»: як фатографы-аматары, так і прафесіяналы, якія жадаюць папоўніць сваё партфоліа.

На сёння здымкі для «Вікіпартрэтаў» ужо зрабілі (або падахвоціліся зрабіць у бліжэйшы час) больш за паўсотні добраахвотнікаў.

Беларускіх селебрыці праблема не абышла — на старонках бываюць загружаныя старыя фота.

У беларускамоўнай «Вікі» на старонцы пра Лявона Вольскага фота няхай і прыгожае, але толькі за 2009 год. Фота: Wikipedia

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула