У Беларусь спрабавалі ўвезці найбуйнейшую ў гісторыі краіны партыю выбухоўкі — 580 кг
Кіроўцу затрымалі на мяжы з Польшчай.
Фота тут і далей: Беларуская мытня
Беларуская мытня паведаміла, што 41-гадовы кіроўца спрабаваў правезці праз беларуска-польскую мяжу і далей транспартаваць у Расію 580 кілаграмаў асабліва магутнага выбуховага рэчыва замежнай вытворчасці (меркавана ЗША).
Мужчына накіроўваўся праз пункт пропуску «Брэст» на Mercedes. На падставе сістэмы аналізу рызык мытнікі накіравалі аўто на сканаванне. На сканаграме ўбачылі нехарактэрныя зацямненні ў падлозе аўтамабіля, а таксама ў сценцы, якая падзяляе грузавы і пасажырскі адсекі.
Далей — паглыблены дагляд, у выніку якога часткова дэмантавалі падлогі і сценкі аўтамабіля. Гэтыя месцы былі цалкам напоўнены тоўстым пластом рэчыва светла-шэрага і светла-жоўтага колеру.
Меркавана, выбуховае рэчыва спрабавалі схаваць, накрыўшы яго вібрашумамізаляцыйнымі лістамі і лістамі ДСП. Каб на яго не зрэагавалі службовыя сабакі, унутраныя краі кузава апрацавалі тэхнічнай змазкай.
Рэчыва вынята з прыцягненнем кампетэнтных спецыялістаў.
Аператыўна праведзеная мытнай лабараторыяй экспертыза пацвердзіла, што выяўленае рэчыва — магутнае брызантнае выбуховае рэчыва пентаэрытрытэтранітрат (ТЭН) агульнай колькасцю больш за 580 кілаграмаў.
Кіроўца затрыманы. На яго (і іншых невыяўленых асоб) завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 333-1 Крымінальнага кодэкса. Па ім пагражае пазбаўленне волі да 10 гадоў.