БЕЛ Ł РУС

«Якая дзяржава!» Караеў знайшоў нагоду для гонару за чыноўнікаў

6.04.2025 / 22:55

Nashaniva.com

Новы кіраўнік Гродзенскай вобласці Юрый Караеў расказаў, як яму працуецца на новай пасадзе.

Юрый Караеў. Фота: тэлеграм-канал «Пул 4 рэгіён»

Караеў згадаў, як Лукашэнка летась падчас візіту ў Ашмянскі раён папракнуў іх з Уладзімірам Каранікам, які на той момант узначальваў рэгіён, за несабраныя на полі камяні.

«Па камянях я вас праверу на ўсю катушку. Гэта бязладдзе. Мы збіралі камяні перад пасевам. А вы па камянях пасеялі. Агідная праца», — абураўся тады Лукашэнка.

Адной заўвагі «хапіла ўсёй краіне прыбраць камяні», захоплена кажа цяпер у інтэрв'ю БТ Караеў.

«Я вось колькі ехаў па Мінскай вобласці, я глядзеў, як заўзята за гэта ўзяліся. Якая кіраваная ўся-такі краіна, якая дзяржава, дзе ўсе кіраўнікі аднеслі гэта на свой рахунак, не на рахунак толькі Гродзенскай вобласці ці Ашмянскага раёна», — з гонарам адзначыў новы кіраўнік вобласці.

У новым статусе Караеў ужо двойчы паспеў абляцець вобласць, каб зверху пасачыць за парадкам.

«Паўсядзённая, руцінная праца старшыні аблвыканкама больш напружаная, чым у міністра», — падзяліўся ён.

Караеў адзначыў, над чым яму даручылі працаваць: Гродзеншчына адстае ад плана ў будаўніцтве, валавым рэгіянальным прадукце і сельскай гаспадарцы (у апошняй на 1% адстаюць ад плана ўрада).

Не прамінуў чыноўнік пахваліць і свайго папярэдніка на пасадзе Караніка.

«Ён мне парад ніякіх не даваў. Ён такі тактоўны і ветлівы чалавек, вельмі мудры. У яго такі стыль зносін. Ён парады дае, калі толькі ў яго іх папросіш. А сам ён іх ніколі не навязвае. Ён лічыць, што вы, Юрый Хаджымуратавіч, самі разберацеся. Вы ўсё гэта бачылі, вы заўсёды побач са мной былі, дапамагалі, падказвалі, таму не мне вас вучыць, казаў ён. Хоць я скажу так, што мне яшчэ ў яго парад папрасіць прыйдзецца, таму што ў яго на ўсе працэсы быў нейкі свой погляд».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула