БЕЛ Ł РУС

На БТ паказалі затрыманага кіроўцу, які ехаў на бусе з выбухоўкай

6.04.2025 / 23:25

Nashaniva.com

Мытня паведаміла сёння, што ў Беларусь спрабавалі ўвезці найбуйнейшую ў гісторыі краіны партыю выбухоўкі — 580 кілаграмаў. Кіроўцу затрымалі на мяжы з Польшчай.

Яўген Манько, затрыманы кіроўца буса. Скрын відэа БТ

Як расказалі пазней у сюжэце БТ, бус Mercedes на малдаўскіх нумарах прыехаў у Беларусь з боку Польшчы 2 красавіка. Яго пераганялі з Літвы ў Расію.

Затрыманы кіроўца — 41-гадовы Яўген Манько. Манько як юрасоба займаецца перавозкай аўто. Перавезці гэты бус, па яго словах, яго папрасіў таварыш з Эстоніі Раман, з якім яны даўно знаёмыя. А Раману бус падагнаў нейкі Іван — ён і перарабіў аўто быццам пад аўтадом.

На мяжы бус адправілі на сканаванне. Там ўбачылі нехарактэрныя зацямненні ў падлозе аўтамабіля, а таксама ў сценцы, якая падзяляе грузавы і пасажырскі адсекі. Пры даглядзе і дэмантажы падлогі і сценак аўтамабіля пабачылі, што ён напоўнены тоўстым пластом рэчыва светла-шэрага і светла-жоўтага колеру. Мытня паведамляла, што выбуховае рэчыва спрабавалі схаваць, накрыўшы яго вібрашумаізаляцыйнымі лістамі і лістамі ДСП.

Сцвярджаецца, што гэта асабліва магутнае выбуховае рэчыва замежнай вытворчасці (меркавана ЗША).

Затрыманы бус. Фота: Беларуская мытня

Кіроўцу затрымалі. Ён кажа, што яго выкарысталі ўцёмную. На мужчыну завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 333-1 Крымінальнага кодэкса. Па ім пагражае пазбаўленне волі да 10 гадоў.

Чытайце таксама:

У Беларусь спрабавалі ўвезці найбуйнейшую ў гісторыі краіны партыю выбухоўкі — 580 кг

Каментары да артыкула