Улады назвалі сабекошт паездкі ў грамадскім транспарце Мінска
Сабекошт паездкі ў грамадскім транспарце Мінска, згодна з чыноўнікамі, перавышае кошт квітка ў некалькі разоў.
Паводле слоў намесніка старшыні камітэта па эканоміцы Мінгарвыканкама Вольгі Леошка, рэальны сабекошт адной паездкі ў наземным грамадскім транспарце сталіцы складае каля 3 рублёў, у метро — 2,32 рубля.
Год таму, адзначыла яна, сабекошт паездкі на наземным транспарце быў 2,31 рубля, у метро — 1,91 рубля.
Аднак пасажыры аплачваюць значна меншыя сумы: 85 капеек за наземны транспарт і 90 капеек за метро.
З 10 красавіка паездка будзе каштаваць 95 капеек, у метро 1 рубель.
Паводле ранейшых слоў старшыні Мінгарсавета Арцёма Цурана, пасажыры кампенсуюць менш за трэць рэальнага кошту паездкі, а астатняе пакрываецца з гарадскога бюджэту. Ён таксама адзначыў, што штогод дзясяткі мільёнаў рублёў накіроўваюцца на абнаўленне рухомага складу.
Папярэдні раз кошт праезду ў сталічным грамадскім транспарце даражэў у красавіку 2022 года.