Найвядомейшая гістарычная выява Новага замка ў Гродне аказалася несапраўднай
Ёй не два з паловай стагоддзі, як многія лічылі дагэтуль, а трохі больш за тры дзесяцігоддзі.
Малюнак Новага замку ў Гродне, які часта прымаецца за сапраўдную выяву XVIII стагоддзя. Фота: Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей.
Цікавай знаходкай падзяліўся тэлеграм-канал «Спадчына».
Выява каралеўскага палаца ў Гродне, якую часта выдаюць за малюнак XVIII стагоддзя і выкарыстоўваюць пры ілюстраванні публікацый пра гэты помнік і ўвогуле горад часоў Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку ў сур'ёзных выданнях, створана зусім нядаўна.
Выданне Hrodna.life заўважае, што выява шырока тыражуецца на паштоўках, яе можна знайсці на старонках гістарычнага часопіса Arche як быццам рэдкую, а таксама ў афіцыйным выданні пра польскі Кракаў, дзе пазначана, што аўтар невядомы.
Як тлумачыць тэлеграм-канал «Спадчына», насамрэч малюнак «Каралеўскі палац у Гродне» быў створаны ў 1994 годзе гродзенскім мастаком Чэславам Роем (1942-2004). Мяркуючы па тым, што акварэльны малюнак захоўваецца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, дзе працаваў і сам Рой, мастак стварыў яго спецыяльна для музейнай экспазіцыі.
Гараджане XVII стагоддзя на малюнку Чэслава Роя ў экспазіцыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Фота: Wikimedia Commons
Чэслаў Рой стварыў і іншыя творы для экспазіцыі музея, напрыклад, серыю малюнкаў з выявамі строяў гараджан XVII стагоддзя.
Артыкул пра малюнак «Каралеўскі палац у Гродне» з экспазіцыі ГДГАМ у Беларускім гістарычным часопісе. Скрыншот зместу нумара
Інфармацыя пра аўтарства малюнка ўжо з'яўлялася ў друку раней. У 12-м нумары Беларускага гістарычнага часопіса за 2022 год, цалкам прысвечаным Гродна, быў апублікаваны артыкул дырэктара музея Юрыя Кітуркі пра гісторыю стварэння найбольш вядомага малюнка каралеўскага Новага замка ў Гродне. Але, магчыма, праз малы наклад выдання артыкул застаўся незаўважаны шырокімі коламі.
Галоўны фасад палацы ў часы перабудовы 1780-х гг. Фота: Wikimedia Commons
Новы палац у Гродне збудавалі ў 1737—1742 гадах у часы валадарання караля Аўгуста Саксонскага, як летнюю каралеўскую рэзідэнцыю паводле праекта Караля Пёпельмана. У 1789 годзе рэканструкцыю палаца праводзіў Джузэпэ Сака. У 1793 годзе тут адбыўся апошні сойм Рэчы Паспалітай, дзе ратыфікавалі другі падзел краіны.
Добра вядомыя чарцяжы сярэдзіны і канца XVIII стагоддзя, гэта значыць перыядаў пабудовы і перабудовы, у тым ліку планы, фасады і разрэзы, якія даюць добрае ўяўленне пра тое, якім задумваўся палац. Але дзіўным чынам цалкам адсутнічае хоць якая мастацкая графіка палаца таго часу.
Першыя выявы палаца — звычайна неразборлівыя намёкі ў агульных панарамах высокага берага Нёмана, — датуюцца XIX стагоддзем, калі расійскія ўлады перарабілі каралеўскую рэзідэнцыю ў вайсковы шпіталь.
Новы і Стары замкі ў Гродне на малюнку Пешкі, зробленым у пачатку XIX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons
У самым пачатку XIX стагоддзя Юзаф Пешка зрабіў малюнак моста, які злучаў пагоркі Старога і Новага замкаў, захапіўшы, але толькі часткова, каралеўскую рэзідэнцыю. На малюнку Пешкі палац яшчэ мае высокі ламаны дах, як на праектных чарцяжах, але іншыя дэталі не бачныя.
Новы замак на малюнку Напалеона Орды, зробленым у 1860-1870-я гг., ужо пасля перабудовы рэзідэнцыі ў шпіталь. Фота: Wikimedia Commons
Наступны малюнак палаца зблізку зробіць Напалеон Орда ўжо ў другой палове XIX стагоддзя. На ім таксама амаль нічога нельга разгледзець праз пышную расліннасць, за выняткам таго, што замест высокага ламанага даху зрабілі казённы пакацісты.
Нягледзячы на тое, што выява аказалася несапраўднай, як піша канал, трэба аддаць належнае майстэрству мастака, калі амаль ніхто за доўгія гады не заўважыў падвоху.