БЕЛ Ł РУС

Бацька Ілана Маска мае дваіх дзяцей ад сваёй падчаркі, якая маладзейшая за яго на 42 гады

9.04.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Паўднёваафрыканскі інжынер і былы прадпрымальнік Эрал Маск ва ўзросце 72 гадоў стаў бацькам дзіцяці ад сваёй падчаркі, якую выхоўваў з чатырохгадовага ўзросту. Але гісторыя на гэтым не скончылася.

Эрал Маск і Яна Безэйдэнхаўт. Фота: Cyrus McCrimmon / Getty Images, janaloves_life / Instagram

Усё пачалося ў 1992 годзе, калі Эрал Маск ажаніўся з удавой Хайдэ Безэйдэнхаўт (Heide Bezuidenhout). Ад першага шлюбу ў Хайдэ было трое дзяцей, сярод якіх і чатырохгадовая Яна. Дзяўчынка захавала прозвішча бацькі, які загінуў у аўтакатастрофе.

Эрал выхоўваў дзяцей Хайдэ разам са сваімі трыма дзецьмі ад першага шлюбу з канадскай мадэллю Мэй Маск. Праўда, на момант другога шлюбу бацькі Ілан ужо жыў у Канадзе, на радзіме сваёй маці.

У Эрала і Хайдэ нарадзіліся яшчэ дзве дачкі.

Шлюб Эрала і Хайдэ працягваўся каля 18 гадоў — да пачатку 2010-х. Пасля разрыву дзеці Хайдэ апынуліся пад апекай іншых сваякоў або знаёмых.

Яна перажыла няпросты перыяд: змагалася з наркатычнай залежнасцю, а ў 2014 годзе нарадзіла дачку, якую выхоўвала адна. Калі менавіта пачаліся яе адносіны з Эралам, былым айчымам — невядома. Аднак у 2017 годзе ў іх нарадзіўся сын Эліёт Раш Маск. Паводле слоў сваякоў, бацькоўства Эрала, якому на той момант было 72 гады, было пацверджана ДНК-тэстам.

З’яўленне Эліёта Раша раскалола сям’ю і выклікала чарговы канфлікт паміж Эралам і Іланам Маскам, адносіны паміж якімі заўсёды былі складанымі. На працягу многіх гадоў яны не падтрымлівалі сувязь.

Яна Безэйдэнхаўт. Фота: janaloves_life / Instagram

У адным з інтэрв’ю Ілан распавядаў пра цяжкае дзяцінства і пра тое, як у школе падвяргаўся здзекам. Яшчэ ў 2017 годзе ў інтэрв’ю Rolling Stone ён назваў свайго бацьку «жахлівым чалавекам» і дадаў: «Амаль усе злыя ўчынкі, якія вы толькі можаце сабе ўявіць, ён здзейсніў».

У ліпені 2022 года Эрал даў інтэрв’ю таблоіду The Sun, у якім паведаміў, што ў яго і Яны Безэйдэнхаўт у 2019 годзе нарадзілася другое дзіця — дзяўчынка. Паводле яго слоў, дачка не была запланаванай.

«Але мы жылі разам. Яна заставалася тут каля 18 месяцаў пасля нараджэння Раша», — цытуе The Sun Маска-старэйшага.

У хуткім часе пасля гэтага Эрал і Яна перасталі жыць разам. Паводле мужчыны, прычынай расстання стала, сярод іншага, значная розніца ва ўзросце. Тым не менш Маск-старэйшы сцвярджаў, што паміж імі ўсё яшчэ захоўваецца прыхільнасць.

Усяго ў Эрала Маска — сямёра дзяцей.

«Адзінае, дзеля чаго мы жывём на Зямлі, — гэта каб размнажацца. Калі б я мог мець яшчэ адно дзіця, я б яго завёў. Не бачу прычын не рабіць гэтага», — гаварыў ён журналістам.

Чытайце таксама:

Ілан Маск заявіў, што згубіў сына з-за блакатараў палавога выспявання

У Ілана Маска нарадзілася 14-е дзіця

«Ён сябраваў з цемнаскурым слугой». Бацька Ілана Маска запэўніў, што ягоны сын не расіст

Каментары да артыкула