Амерыканскія біржы ўзляцелі пасля таго, як Трамп даў задні ход з пошлінамі. Услед за імі растуць і азіяцкія
Пасля таго як Дональд Трамп у сераду адступіўся ад ідэі ўвядзення імпартных пошлін і абвясціў пра іх адтэрміноўку, цэны на акцыі амерыканскіх кампаній рэзка пайшлі ўверх: біржавыя індэксы ўзляцелі на 8—12% — але ўсё роўна яшчэ не адыгралі падзенне апошніх дзён, піша Бі-бі-сі.
Фота: Arne Dedert/picture alliance via Getty Images
Індэкс S&P 500 за дзень вырас на 9,5% — гэта самы вялікі дзённы прырост з 2008 года.
Індэкс Dow Jones у канцы дня апынуўся на 7,8% вышэй, чым у пачатку.
Індэкс акцый высокатэхналагічных кампаній Nasdaq узляцеў больш чым на 12%. Цана акцый такой, напрыклад, кампаніі, як Nike, вырасла на 11%. Nike вырабляе прыкладна палову сваёй абутку ў В’етнаме, а В’етнаму Трамп пагражаў 46-працэнтнай пошлінай.
Акцыі Apple узляцелі прыкладна на 15%.
Пры гэтым, нягледзячы на бурны рост, індэксы ўсё роўна яшчэ ніжэй, чым былі да аб’явы Трампа пра новыя пошліны ў канцы мінулага тыдня. S&P 500, напрыклад, цяпер ніжэй прыкладна на 3% і на 8% ніжэй за найвышэйшы паказчык у гэтым годзе.
Дональд Трамп у сераду заявіў, што адкладае (па ідэі ўжо ўступіўшыя ў сілу з поўначы) велізарныя пошліны на імпарт з прыкладна 60 краін на 90 дзён: замест іх для ўсіх, акрамя Кітая, будзе дзейнічаць «базавая» пошліна ў 10%, плюс раней уведзеныя 25-працэнтныя тарыфы на імпартныя аўтамабілі, сталь і алюміній.
Азіяцкія біржы ўслед за нью-ёркскай пасля адкрыцця таргоў раніцай у чацвер таксама кінуліся адыгрываць падзенне папярэдніх дзён, рэагуючы на заявы Трампа.
Праз гадзіну—паўтары пасля пачатку таргоў японскі індэкс Nikkei 225 вырас на 7,6%, паўднёвакарэйскі Kospi — на 5%, тайваньскі Taiex — на 9,25%, аўстралійскі ASX 200 — на 4,6%.
Падрастаюць нават кітайскія біржы, хаця гандлёвая вайна Трампа з Кітаем працягваецца. Індэкс Шанхайскай біржы SSE Shanghai Composite на адкрыцці вырас на 1,3%, індэкс біржы Ганконга Hang Seng — на 3%.