Пасля скандальнага рамонту святара Латыгальскай царквы ўсё ж прыцягнулі да адказнасці
Прыход збіраў грошы на рэстаўрацыю храма да яго 250-годдзя, але ў выніку замест рэстаўрацыі з царквы проста выкінулі ўсё старое.
Царква ў Латыгалі ў жніўні 2024 года. Фота: інстаграм
У 2021 годзе Свята-Мікалаеўская царква ў вёсцы Латыгаль Вілейскага раёна Мінскай вобласці адзначала свой 250-гадовы юбілей. Будынак струхлеў і патрабаваў капітальнага рамонту. У сувязі з гэтым святар Андрэй Громаў аб'явіў збор сродкаў на рамонтна-рэстаўрацыйныя работы.
Фотаздымак царквы з яшчэ барочным шчытом, зроблены каля 1900 года беларускім фатографам Янам Балзункевічам. Да нядаўняга рамонту заставаліся тыя ж дзверы і аконныя ліштвы, што і на здымку. Фота: Wikimedia Commons
У ліпені 2023 года ў Латыгальскай царкве пачаўся капітальны рамонт. З будынка знялі гістарычную шалёўку, а аўтэнтычныя дзверы проста падарылі майстру за дапамогу. Замест старых элементаў з’явіліся новыя — сандрыкі, навес, сучасныя дзверы, якіх у царкве ніколі не было.
Актывісты абурыліся тым, што гісторыка-культурную каштоўнасць рэспубліканскага значэння ў Беларусі можна вось так проста раздарыць людзям, і звярнуліся да мясцовых уладаў.
Старыя бакавыя і галоўныя дзверы, якія былі выкінуты з помніка архітэктуры ў час рамонту. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Новыя бакавыя дзверы, якія не маюць нічога агульнага са старымі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Новыя галоўныя дзверы царквы. Фота: суполка прыхода ва «Укантакце»
Тэлеграм-канал «Спадчына» апублікаваў адказ Вілейскага райвыканама на зварот. У ім гаворыцца, што ў пачатку лютага 2025 года правялі праверку і выявілі парушэнні ў парадку і ўмовах выканання работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Супраць уласніка царквы распачатая адміністрацыйная справа, якую будзе разглядаць адміністрацыйная камісія выканкама. Праўда, як адзначаюць аўтары канала, ужо былі выпадкі, калі святара, які цалкам знішчыў помнік архітэктуры, такая камісія вызваліла ад якой-небудзь адказнасці, а значыць, і ад неабходнасці выпраўляць тое, што ён нарабіў.