Мужчына зламаў нос судовай выканаўцы, якая прыйшла спагнаць доўг у 32 рублі
Але, як высветлілася пазней, гэта быў не адзіны эпізод гвалту ў ягонай гісторыі.
Восенню мінулага года ў Бабруйску судовая выканаўца абыходзіла даўжнікоў. Дзверы адной з кватэр адчыніў мужчына, які адразу заявіў: пра ніякі падатак на нерухомасць ён не чуў і 32 рублі плаціць не збіраецца, паведамляе «Магілёў анлайн».
Супрацоўніца прапанавала арыштаваць маёмасць, але нападпітку бабруйчанін такога варыянта не прыняў. Пачалася сварка, якая хутка перарасла ў бойку. З кватэры даўжніка жанчына трапіла ў прыёмны пакой з разбітым тварам і зламаным носам
Падчас расследавання высветлілася, што гэта не першы выпадак гвалту: некалькі месяцаў мужчына зняважаў былую жонку — таксама зламаў ёй нос і пакідаў сінякі.
На судзе мужчына віну прызнаў часткова. Біў судовую выканаўцу нібыта не ведаючы, што яна пры выкананні абавязкаў. А гвалт у дачыненні да жонкі патлумачыў як «абарону» — маўляў, адказваў на яе ўдары.
Суд прызначыў бабруйчаніну 2,5 года абмежавання волі («хіміі»). Таксама ён мусіць выплаціць пацярпелай судовай выканаўцы 5 000 рублёў.