У Кыргызстане заявілі пра прадухіленне арганізацыі масавых беспарадкаў
Дзяржаўны камітэт нацыянальнай бяспекі Кыргызстана паведаміў, што ім спынена падрыхтоўка да распальвання міжнацыянальнай варожасці праз інсцэніроўку лакальных канфліктаў, якія павінны былі перарасці ў масавыя пратэсты і беспарадкі. Асноўнай мэтай ініцыятараў, як сцвярджаецца, была «дэстабілізацыя грамадска-палітычнай сітуацыі і спроба дзяржаўнага перавароту».
Фота: ДКНБ Кыргыстана
Прэс-служба ДКНБ паведаміла, што ў пачатку 2025 года ў межах крымінальнай справы вялося актыўнае расследаванне дзейнасці групы асоб, якія нібыта рыхтавалі масавыя беспарадкі пад кіраўніцтвам ідэолагаў, адзін з якіх хаваецца за мяжой, мяркавана ў ААЭ. Усе ўдзельнікі, у тым ліку кіраўнікі сярэдняга звяна, выяўленыя і затрыманыя.
Група, як сцвярджаецца, мела намер зняць фэйкавае правакацыйнае відэа з удзелам нібыта «пабітай, паўаголенай кыргызскай дзяўчыны», над якой здзекаваліся замежныя грамадзяне. У роліку дзяўчына павінна была заклікаць да дапамогі супраць іншаземцаў, а пасля гэта відэа мусіла шырыцца ў сацсетках.
Далей спецыяльна падрыхтаваныя баявыя групы, узброеныя агнястрэльнай зброяй, мелі намер арганізаваць сутыкненні і пагромы ў месцах пражывання і працы іншаземцаў у Бішкеку.
«Падобныя правакацыі рыхтаваліся і супраць грамадзян Кыргызстана, а таксама прадстаўнікоў праваахоўных органаў, што павінна было прывесці да масавых беспарадкаў. Усе гэтыя дзеянні накіроўваліся на дыскрэдытацыю ўладаў і стварэнне магчымасцяў для шырокіх пратэстных выступленняў, фінансаваных так званай «апазіцыяй», — паведамляецца ў прэс-рэлізе ДКНБ.
Усё гэта ўдалося прадухіліць нібыта ўжо на фінальнай стадыі падрыхіоўкі, а цяпер «ідзе работа па выяўленні і затрыманні галоўных арганізатараў».
Чытайце таксама:
«Мы маглі б заслухаць яго як другі бок». Кыргызстан вядзе перамовы аб вяртанні Курманбека Бакіева
Улады Кыргызстана хочуць памяняць гімн, бо ад цяперашняга «разлятаюцца птушкі»