БЕЛ Ł РУС

«Попыт будзе задаволены вельмі хутка». Ігар Шуневіч расказаў пра перспектывы палявання на мядзведзя і рысь

10.04.2025 / 17:33

Nashaniva.com

Колішні міністр унутраных спраў, а цяпер старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч даў інтэрв'ю расійскаму выданню Sputnik, у якім сярод іншага закрануў тэму дазволу палявання на чырванакніжных мядзведзяў і рысяў, а таксама ацаніў іх колькасць і цікавасць беларускіх паляўнічых да такіх трафеяў.

Ігар Шуневіч з паляўнічым трафеем. Фота: trophybook.by

Паводле ацэнкі Шуневіча,

«колькасць мядзведзя расце штогод хуткімі тэмпамі. Мы назіраем па два-тры медзведзяняці ў мядзведзіц, і гэта ўжо не рэдкасць. Гэта сведчыць пра ўпэўнены стан папуляцыі і добрых перспектывах росту».

Колькасць рысі падлічыць складаней, бо гэта надта асцярожны і ўтойлівы звер, але, як мяркуе Шуневіч, і тут «колькасць расце і яна большая, чым пазначана ва ўліковых дакументах».

Ён лічыць, што цікавасць да здабычы гэтых відаў жывёл у Беларусі ёсць, але «нельга сказаць, што гэтая цікавасць зашкальвае і прадугледжвае ў будучыні ледзь не чаргу за іх здабычай». Напрыклад, у Расіі з некалькіх дзясяткаў тысяч ліцэнзій закрываюцца толькі каля 30-35%.

Паляваць на мядзведзя — шмат клопату:

«Для такога трафея трэба шмат месца. У яго вялікая шкура, а мяса часцяком заражанае рознымі хваробамі, якія выключаюць ўжыванне яго ў ежу».

Таму «сярэднестатыстычны паляўнічы наўрад ці будзе здабываць за сваю кар'еру больш за аднаго мядзведзя», а масавага характару паляванне на яго насіць не будзе.

«Думаю, што попыт сярод беларускіх паляўнічых будзе задаволены вельмі хутка. Літаральна праз год ці два ажыятаж спадзе, і ён будзе звычайным трафейным зверам, які не карыстаецца вялікай папулярнасцю. Гэта тычыцца і рысі, у тым ліку ўлічваючы складанасці яе выяўлення, высочвання і здабычы. Я ўпэўнены, што гэта будзе прэрагатыва вельмі вузкага кола паляўнічых».

Да таго ж застануцца квоты, таму «я абсалютна спакойны адносна боязі, якія выказваюць аб магчымай шкодзе для папуляцый гэтых двух відаў». Гаворка толькі пра рэгуляванне колькасці, і не больш таго. Пры гэтым Шуневіч пастрашыў прыкладам Расіі:

«Вопыт Расіі кажа пра тое, што рэгуляванне колькасці бурага мядзведзя там сёння немагчымае: галапуючымі тэмпамі расце папуляцыя і справіцца з ёй ужо практычна нельга. Гэта адбываецца таму, што яго не кантралююць, не адстрэльваюць і ён не карыстаецца папулярнасцю ў большасці паляўнічых. Пры гэтым мядзведзь ужо прыносіць істотную шкоду, у тым ліку ўжо гінуць і атрымліваюць траўмы людзі — ягаднікі і грыбнікі».

Чытайце таксама:

Вызначылі тэрміны палявання на чырвонакніжных мядзведзя і рысь

Рыбаловаў і паляўнічых Шуневіч перавучыць у снайпераў

«Лукашэнка і Шуневіч заслугоўваюць смяротнага пакарання». Пра што насамрэч пісала «Фрау А» ў КДБ?

«Забівае па казулі кожныя 6 дзён». Ведамства Шуневіча заўважыла сярод драпежнікаў яшчэ аднаго канкурэнта для паляўнічых

Каментары да артыкула