Ісландыя правядзе рэферэндум аб уступленні ў Еўрасаюз
Прэм’ер-міністарка Ісландыі Крыструн Фростадоўцір заявіла пра намер правесці да 2027 года рэферэндум аб уступленні краіны ў Еўрапейскі саюз.
Прэм'ер-міністарка Крыструн Фростадоўцір і Урсула фон дэр Ляен. Фота: Thierry Monasse / Getty Images
Рашэнне тлумачыцца зменамі ў сістэме глабальнай бяспекі — у прыватнасці, вайной ва Украіне і жорсткай палітыкай ЗША ў Арктыцы, уключаючы выказванні Дональда Трампа пра магчымую анексію Грэнландыі, піша Bild.
Паводле апытанняў, амаль дзве траціны ісландцаў падтрымліваюць ідэю правядзення рэферэндуму, а 45% — уступленне ў ЕС. Ісландыя ўжо ўваходзіць у Шэнгенскую зону і Еўрапейскую эканамічную прастору, маючы станоўчы досвед супрацоўніцтва з Еўрасаюзам.
Аднак, як прызнае кіраўніца ўрада, цяперашняя дыскусія выкліканая не толькі магчымымі перавагамі сяброўства, але і трывогай, што ўзнікла з-за пагрозаў з боку ЗША ў адносінах да Грэнландыі. Як і Грэнландыя, Ісландыя раней належала Даніі і атрымала незалежнасць толькі ў 1944 годзе.
«Мы — поўнасцю арктычная нацыя. Арктыка — наш дом. Для нас гэта не проста паняцце ў міжнародных адносінах. Гэта наша асяроддзе. У нас вельмі цесныя сувязі з грэнландцамі. Таму тое, што адбываецца, выклікае сур’ёзную занепакоенасць», — заявіла Фростадоўцір у інтэрв’ю Euronews.
Прэм’ерка выказала надзею, што інтарэс ЗША да Грэнландыі і напружанасць, выкліканая дзеяннямі Расіі, з часам знізяцца: «Я не хачу, каб размовы пра ўступленне ў ЕС вяліся на падставе страху».
Тым не менш, пытанні бяспекі застаюцца адным з ключавых фактараў збліжэння Ісландыі з Еўрасаюзам.