Беларус спрабаваў таемна правезці ў Расію двух украінцаў. Яго злавілі і асудзілі
Мужчыну ўдалося перасячы мяжу ў Смаленскай вобласці, але па дарозе яго спынілі даішнікі.
Ілюстрацыйнае фота: АНТ
Грамадзяніна Беларусі асудзілі ў Расіі за арганізацыю незаконнай міграцыі. Ён спрабаваў таемна правезці праз мяжу двух украінцаў, паведамляе прэс-служба суда ў Смаленску.
У ліпені 2024 года беларус перасёк мяжу Расіі каля Краснай Горкі Смаленскай вобласці. Ён ехаў на бусе «Мерсэдэс» з прычэпам. Ужо на тэрыторыі Расіі мікрааўтобус спынілі супрацоўнікі ДПС.
Яны праверылі прычэп і знайшлі там двух грамадзян Украіны, якіх беларус таемна правёз праз мяжу. Усіх затрымалі, украінцаў даішнікі перадалі расійскім памежнікам.
Беларус прызнаў віну і супрацоўнічаў са следствам. У выніку яго асудзілі на год пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні. Бус Mercedes-Benz Sprinter і прычэп RYDWAN PL0806 расійскі суд канфіскаваў.