ГУБАЗіК паказаў фота за кратамі Мацвея Бяляя, раней асуджанага ў Літве за напад на беларускае пасольства
У адным з тэлеграм-каналаў, звязаных з ГУБАЗіКам, з'явілася фота Мацвея Бяляя. Сілавікі сцвярджаюць, што ў Беларусі яму пагражае да 10 гадоў зняволення за «экстрэмізм». Аднак мінулая яго крымінальная справа ў Беларусі скончылася вызваленнем ад адказнасці і прымусовым псіхіятрычным лячэннем.
У студзені 2024 года Віленскі гарадскі акруговы суд прызнаў грамадзяніна Беларусі Мацвея Бяляя вінаватым у нападзе на пасольства Беларусі ў красавіка 2023 года. Яму прызначылі абмежаванне свабоды на 11 месяцаў, аднак паколькі ён ужо адбыў прысуджаны тэрмін, то яго вызвалілі.
Што было з Бяляем пасля таго і як ён апынуўся ўрэшце ў Беларусі, невядома. Сілавікі імкнуцца давесці, што яго нібыта прымусова дэпартавалі літоўскія ўлады, але ніякіх пацвярджэнняў гэтаму няма.
Няма таксама пацвярджэння таму, што гэтае фота свежае, бо ў Бяляя ў Беларусі было шмат судзімасцяў. Таму і ягонае фота за кратамі магло застацца з тых часоў.
Мацвей Бяляй раней расказваў, што ў 2021 годзе яго затрымалі за тое, што ён разбіў шкло малатком у Доме ўраду. Праз некалькі месяцаў яго судзілі па артыкуле «хуліганства» — але замест тэрміну прызначылі псіхіятрычнае лячэнне. Бяляй уцёк — спачатку ў Маскву, там атрымаў гуманітарную візу ў Польшчу. Урэшце апынуўся ў Літве.
Чытайце таксама:
У Вільні вынеслі вырак беларусу за напад на беларускую амбасаду. Пакаранне ён ужо адбыў