БЕЛ Ł РУС

У Мінску сабака скокнуў на ногі дзіцяці — уладальніка жывёлы пакаралі

12.04.2025 / 12:43

Nashaniva.com

У Першамайскім раёне сталіцы мясцовы жыхар выгульваў англійскага кокер-спаніэля без павадка і намордніка. У нейкі момант сабака падбег да хлопчыка, які накіроўваўся ў школу, і пачаў скакаць на яго ногі.

Ілюстрацыйнае фота

Дзіця моцна спалохалася, і маці школьніка звярнулася ў міліцэйскі пастарунак. У дзеяннях гаспадара знайшлі склад адміністрацыйнага правапарушэння, але спачатку не пакаралі, вынеслі толькі папярэджанне.

Пры гэтым у пацярпелага хлопчыка медыкі выявілі «посттраўматычны сіндром» і іншыя парушэнні здароўя. Пасля звароту маці хлопчыка пракуратура адмяніла рашэнне мясцовага пастарунка, справу перадалі следчаму, а затым накіравалі ў суд.

У выніку ўладальнік сабакі атрымаў штраф 420 рублёў за парушэнне правілаў утрымання жывёл, якое пацягнула за сабой прычыненне шкоды здароўю. Акрамя таго, высветлілася, што сабака не зарэгістраваны, і мужчыне вынеслі яшчэ адно папярэджанне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула