БЕЛ Ł РУС

Губарэвіч заняў адну з пасад Мельнікавай у КР, але спікерам не стаў. Пятрухін абураны безальтэрнатыўным галасаваннем

12.04.2025 / 22:5

Nashaniva.com

Палітык Юрась Губарэвіч быў абраны каардынатарам ад Каардынацыйнай рады (КР) у групу па ацэнцы патрэбаў Беларусі ў знешняй дапамозе. Раней гэтую пасаду займала Анжаліка Мельнікава. Выбары на пасаду аказаліся безальтэрнатыўнымі, што выклікала абурэнне ў некаторых дэлегатаў КР. 

Юрась Губарэвіч. Фота: «Наша Ніва»

Больш кандыдатаў не было

Юрась Губарэвіч тлумачыць, што ўзнікла неабходнасць замяніць на гэтай пасадзе зніклую Анжаліку Мельнікаву. І тады кіраўніцтва фракцыі Паўла Латушкі, якая ў кааліцыі з іншымі мае большасць у Каардынацыйнай радзе, прыняло рашэнне вылучыць на яе Губарэвіча.

У выніку ён аказаўся адзіным кандыдатам — іншыя фракцыі не вылучылі сваіх. Безальтэрнатыўнасць выбараў абурыла іншага члена Каардынацыйнай рады, блогера Сяргея Пятрухіна, які напісаў пра гэта ў фэйсбуку:

«Мы яшчэ не зрабілі разбору палётаў па факце знікнення грошай і ўцечкі інфармацыі, а ўжо прызначаем на адказную пасаду новага чалавека з той самай каманды».

Сам Губарэвіч лічыць, што пытанне, чаму так адбылося, што ў яго не было канкурэнтаў, можна таксама задаць некалькім дзясяткам іншых дэлегатаў КР або кіраўнікам фракцый.

«Пытанне, што ёсць патрэба накіраваць іншага прадстаўніка замест Мельнікавай, было вынесена на нараду фракцыі за некалькі дзён да галасавання, то-бок за даволі працяглы тэрмін.

Пасля ўсім дэлегатам было даведзена праз афіцыйны канал, што адбываецца збор кандыдатур. Таму той жа Пятрухін, як і любы іншы дэлегат, меў магчымасць вылучыць сваю кандыдатуру. Прычым кандыдатуру можа выстаўляць не толькі фракцыя.

Кожны можа зрабіць гэта самастойна, калі зможа сабраць галасы яшчэ пяці дэлегатаў з розных фракцый», — тлумачыць Губарэвіч.

У выніку палітык атрымаў 52 галасы ў сваю падтрымку. Толькі два дэлегаты прагаласавалі супраць яго.

Замест Мельнікавай, але не спікер

Перамога не азначае, што Губарэвіч стане спікерам КР. Паўнамоцтвы Анжалікі Мельнікавай часова перайшлі да віцэ-спікеркі Стасі Гліннік.

Губарэвіч жа будзе толькі прадстаўніком КР у групе, якая займаецца ацэнкай патрэб беларускай грамадзянскай супольнасці. У кіраўнічы камітэт уваходзяць па адным прадстаўніку ад трох структур: Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінета і Каардынацыйнай рады.

Кіраўнічы камітэт распачаў сваю працу ў другой палове 2024 года. 

«Былі створаныя некалькі працоўных груп, якія прадстаўляюць інтарэсы розных сектараў: СМІ, грамадзянскай супольнасці, праваабарончага сектара, бізнэсу, культуры.

Гэтыя групы фармаваліся адкрыта, сваіх прадстаўнікоў туды маглі накіраваць прадстаўнікі любой арганізацыі з адпаведнага сектара. І ўжо гэтыя групы вызначаюць патрэбы сектара», — тлумачыць Губарэвіч.

Па словах палітыка, кіраўнічы камітэт зводзіць у адно дакументы і пасля прэзентуе іх еўрапейскім інстытуцыям ад імя ўсіх гэтых працоўных груп. Камітэт імкнецца быць пасярэднікам паміж рознымі сектарамі (культуры, СМІ, бізнэсу і гэтак далей) і прадстаўнікамі Еўрасаюза як асноўных донараў.

Пры гэтым Губарэвіч падкрэслівае, што яны самі не займаюцца вылучэннем і размеркаваннем дапамогі. Яны толькі агучваюць праблемы і патрэбы супольнасці.

«Раней функцыю працоўных груп выконвала сама беларуская дзяржава. Да 2020 года яна супрацоўнічала з ЕС па пытаннях сектаральнай падтрымкі ў Беларусі. Пасля 2020 года сітуацыя змянілася, і ў адносінах да нашай краіны было зроблена выключэнне, калі сам грамадскі сектар можа артыкуляваць свае інтарэсы», — кажа Губарэвіч.

Чытайце таксама:

Юрась Губарэвіч расказаў, як зарабляў на жыццё ў Албаніі

Каментары да артыкула