«І выхадны страцілі, і не зарабілі, і патраціліся». Што беларусы гавораць пра суботнікі
Выданне «Салідарнасць» распытала беларусаў пра іх стаўленне да суботнікаў, ці збіраліся яны ўдзельнічаць ва ўпарадкаванні сёлета і як сёння цэніцца бясплатная праца. Імёны ўсіх суразмоўцаў з Беларусі змененыя з меркаванняў бяспекі.
На суботніку 12 красавіка 2025 года. Фота: t.me/minleshoz
12 красавіка 2025 года ў Беларусі аб'яўлены рэспубліканскі суботнік — першы, але не апошні ў гэтым годзе (наступны пройдзе ў кастрычніку). Правесці яго, гаворыцца ў пастанове ўрада, можна як на сваёй працы, так і ў «іншых месцах». Напрыклад, у фармаце азелянення і добраўпарадкавання «аб'ектаў і тэрыторый населеных пунктаў, знакавых аб'ектаў, гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і вайсковай славы».
Заробленыя ў гэты дзень грошы, згодна з той жа пастановай Саўміна, пойдуць на будаўніцтва новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея. Дакладней, спачатку сродкі трэба пералічыць на асобныя рахункі мясцовых выканкамаў, адкуль тыя паступяць у аблвыканкамы, потым на рахунак Мінфіна, а той ужо перанакіруе грошы Міністэрству культуры.
Добраахвотна. Але па спісе
Сутнасць мерапрыемства выдатна адлюстраваная ўсяго ў дзвюх фразах, якія выдала прэс-служба Мінпрацы і сацабароны:
«Звяртаем увагу, што галоўны прынцып удзелу ў рэспубліканскім суботніку — добраахвотнасць. Пры гэтым вельмі важна ў юбілейны для нашай краіны год — 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, унесці ўклад у добрую справу па ўпарадкаванні мемарыяльных помнікаў, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны».
Словам, на паперы суботнікі — самастойнае рашэнне кожнага работніка, а на практыцы Лукашэнка называў «мярзотнікамі» і нават «будучымі калабарантамі» тых, хто крытыкуе бясплатную добраахвотна-прымусовую працу.
У 2024 годзе, па афіцыйных даных, у красавіцкім суботніку прынялі ўдзел 2,35 мільёна беларусаў (і гэтая лічба амаль не мяняецца на працягу некалькіх гадоў), а грошай пералічылі без малога 16 мільёнаў рублёў. Але ці многія — добраахвотна, як гэта прапісана ў рашэннях урада?
«Умоўна добраахвотная бясплатная праца ў непрацоўны час»
«Рэспубліканскі суботнік — вяршыня айсберга, — кажа «Салідарнасці» Надзея, жыхарка аднаго з райцэнтраў Міншчыны. — Насамрэч, ужо з пачатку сакавіка і ў нас, і ў іншых раёнах ідзе месячнік па ўпарадкаванні і «навядзенні парадку на зямлі». І гэта тое ж самае — умоўна добраахвотная бясплатная праца ў непрацоўны час, толькі нідзе не аформленая як звышурочная. Лічыцца, што ўсе ўдзельнікі выйшлі ў адзіным працоўным парыве.
Але ўсё гэта доўжыцца некалькі тыдняў. За арганізацыямі і прадпрыемствамі «замацоўваюць» нейкія пэўныя тэрыторыі, а яны потым павінны даць справаздачу, у ідэале — выкласці ролікі ў сацсетках або напісаць у раёнку і прыкласці здымкі.
На суботніку 12 красавіка 2025 года. Фота: t.me/minleshoz
Я ведаю, што многія на ўдзел у суботніках ідуць проста каб не псаваць адносіны з кіраўніцтвам, або потым пры выпадку выпрасіць сабе скарочаны дзень ці нешта такое.
Асабіста я ў гэтых танцах з граблямі ўдзельнічала, калі вучылася ў каледжы, і потым пару гадоў, калі працавала па размеркаванні — а потым пасталела, адгадавала зубы і навучылася адбрыквацца і задаваць непрыемныя сустрэчныя пытанні, каб ад мяне адсталі.
Але ведаеце, што мяне асабліва бесіць, калі бачу бадзёрыя сюжэты? Справаздачы пра тое, як старшыня выканкама і іншыя чыноўнікі асабіста дрэўцы садзяць і бардзюры фарбуюць. Гэта тое, што нават дзеля паказухі, прыгожай карцінкі — і тое эканомяць.
Чамусьці для начальнікаў, чыноўнікаў-мужчын, заўсёды знаходзяцца спяцоўкі, рукавіцы, форма ад якіх-небудзь леснікоў. А няшчасныя настаўнікі, бухгалтары, цётачкі з дома культуры, кіроўцы і ўсе астатнія ідуць у сваім адзенні, не прыстасаваным для брудных работ, і нават рабочыя пальчаткі купляюць за свае грошы!
Ілюстрацыйны здымак
Толькі інвентар ім выдаюць і «фронт работ» паказваюць, далей скачыце ў красоўках сваіх па хмызняку і буераках. Гэта як увогуле? Гэта значыць, і выхадны страцілі, і не зарабілі, і патраціліся. Выдатны план».
«Плаціце работнікам ЖКГ больш, двары і вуліцы будуць чыстымі заўсёды, а не толькі да 9 мая і калі міма едзе картэж Лукашэнкі»
Ілля працуе ў недзяржаўнай кампаніі, супрацоўнікі якой перавядуць па выніках суботніка пэўную суму на рахунак выканкама.
«Так, так, — у добраахвотным парадку», — з непрыхаванай іроніяй кажа Ілля. — Нас проста паставілі перад фактам: па 20 рублёў з носа, і ў суботу на працоўным месцы можаце не з'яўляцца. Іншых варыянтаў — а што, калі раптам ты працаголік і хочаш прынесці нейкую практычную карысць і не хочаш аддаваць 20 рублёў у фонд чагосьці там — не прадугледжана.
А вось прыяцель мой у дзяржустанове працуе, і ў іх будзе комба. І на працу ўгаворваюць выйсці (прымусіць афіцыйна не могуць, але для справаздачнасці, мабыць, трэба колькасць блізкая да 100% работнікаў, таму што нават адпускнікам тэлефануюць з просьбамі), і пры гэтым забяруць «добраахвотны ўнёсак». Праўда, усяго па 10 рублёў.
Мой прыяцель пачухаў башку і кажа: «Я за дзень выдаю прадукцыі значна больш, чым на 10 рублёў — а ў мяне хочуць і дзённы заробак забраць, і 10 рублёў зверху на патрэбы краіны. Гэта пры тым, што кожныя паўгода і так здай пяць рублёў падпісацца на раёнку, два — на Чырвоны Крыж, два — на пажарны стэнд, прафсаюзныя ўнёскі, і гэтак далей».
І, увогуле, заявіў, што катэгарычна не згодны, пра што гатовы распісацца вялікімі літарамі. Маўляў, хай працуюць добраахвотнікі і начальства, а ў яго свой суботнік будзе: паедзе ў вёску, бацьку дапамагаць і бабулі-суседцы, пакуль там ніхто з мясцовых разумнікаў паліць траву і смецце не пачаў.
Не ведаю, калі ўжо выйдзе гэты «савок» з галоў.
Мне не сорамна папрацаваць рукамі і, напрыклад, дапамагчы ва ўпарадкаванні двара. Жыхары нашага дома так і робяць: зімой стаянку і дарожкі чысцім, пасля Новага года смецце прыбіраем, з дзецьмі вясной шпакоўні вешаем і клумбы капаем. Але мне абсалютна не зразумела, чаму ўлады вырашаюць вялікія задачы — будаўніцтва музея, добраўпарадкаванне гарадоў — за наш кошт?
Гэта ж праца, і за яе павінны плаціць грошы.
Плаціце работнікам ЖКГ больш, там змогуць наняць больш людзей, а двары і вуліцы будуць чыстымі заўсёды, а не толькі да 9 траўня і калі міма едзе картэж Лукашэнкі. А вось гэтыя выхады чыноўнікаў пад тэлекамерамі, у свежанькай форме і белых пальчатках «саджаць лясы» — масавая паказуха для аднаго гледача».
«Арганізаваць людзей прасцей, а на зносіны з чыноўнікамі ў мяне не хапае нерваў»
Мінчанка Таццяна кажа, што вітае любы рух і актыўнасць беларусаў на агульнае дабро, але ў выпадку з суботнікам ёсць нюансы:
«Я ведаю на сваім вопыце, што такое арганізаваць суседзяў не праз дамавы чат, а праз пакватэрны абыход і ўгаворы на вясновую ўборку, або зімовае ўпрыгожванне, або касметычны рамонт пад'ездаў, або свята двара.
Калі ёсць хаця б некалькі актывістаў, усё рэальна. Адзін час я хацела нават увайсці ў склад КТГС (калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання), а потым перадумала — арганізаваць людзей прасцей, а на зносіны з чыноўнікамі ў мяне не хапае нерваў.
У прынцыпе сама па сабе ідэя суботніка, на мой погляд, добрая і грамадска карысная. Калі б яна ішла не па савецкай традыцыі, у загадным парадку зверху ўніз, а ад саміх жыхароў, знізу ўверх. Як, напрыклад, плогінг, калі бег спалучаецца са зборам смецця, і для арганізацыі забегу не патрэбныя ніякія дэпутаты і БРСМ, толькі добрая кампанія, мяшкі ды пальчаткі. Мяне дочкі «падсадзілі», нам гэта ў радасць.
А з суботнікам роўна наадварот: падабаецца, не падабаецца, ці ёсць у цябе навыкі ці не, ці падыходзіць надвор'е — калі па плане трэба саджаць дрэўцы і фарбаваць бардзюры, людзі ідуць, саджаюць і фарбуюць. І ў беларускага грамадства не пытаюцца, на што лепш выдаткаваць ім жа заробленыя грошы, проста даводзяць да ведама: сёлета здаем на тое і тое.
Прытым калі ў іншы перыяд прыйсці ў ЖЭС або райвыканкам з ідэяй, дапусцім, экасцежкі або нейкай яшчэ крэатыўнай прапановай — у іх «цяпер няма сродкаў», або «немэтазгодна», ці яшчэ нешта ў такім жа духу. А вось калі ім трэба — то зазываюць усіх на азеляненне тэрыторыі, абвяшчаюць конкурс на найлепшы пад'езд і найлепшы двор».
Чытайце таксама:
На суботніку ў Мінску Лукашэнка саджаў дрэвы, шкодныя для беларускай прыроды
Лукашэнка на суботніку працуе на месцы будучага Нацыянальнага гістарычнага музея