БЕЛ Ł РУС

«Нават мой сябар Пазняк мяне ўжо не папракае». Лукашэнка паразважаў пра беларускі нацыяналізм і ці хапае яго ў Беларусі

13.04.2025 / 13:59

Nashaniva.com

Прапагандыст Ігар Тур спытаў Аляксандра Лукашэнку на рэспубліканскім суботніку 12 красавіка, ці хапае ў беларусаў пачуцця нацыянальнага гонару. Лукашэнка сказаў, што шмат пра гэта думае. 

Лукашэнка адказаў Туру, што беларусы нацыяналістычныя ў плане любові да сваёй радзімы, але пры гэтым і інтэрнацыяналісты.

«Я баюся, каб вось гэты гонар, які выхоўваюць і забіваюць у галаву (і не гавораць пра інтэрнацыяналізм, як раней казалі), каб гэта не прывяло да нацыяналізму, як гэта адбылося ў крайняй такой форме ва Украіне. Ну і ў нас жа гэта было. У 90-х машыны пераварочвалі, ламалі, крышылі. Ну, прычым тут нацыянальны гонар? Таму я баюся, каб не перабралі», — сказаў Лукашэнка.

Але ён перакананы, што ў Беларусі ў гэтым пытанні «не перабралі».

«Мы, па вялікім рахунку, нацыяналістычныя ў плане любові да сваёй краіны — нічога тут страшнага няма. Мы не нацыяналісты, мы не фашысты. Мы — нацыяналістычныя людзі ў плане любові да сваёй Радзімы. Але мы і інтэрнацыяналісты. Мы вельмі паважаем нашых братоў — расейцаў, украінцаў, палякаў, іншых. На жаль, яны не заўсёды да нас адэкватна ставяцца», — дадаў ён.

Лукашэнку, паводле яго слоў, у гэтым пытанні часта крытыкуюць: «Беглыя і асабліва мой стары сябар Зянон Пазняк», — сказаў ён. 

Але Пазняк, заўважае Лукашэнка, тут ужо не крытыкуе яго. 

«Але ён [Зянон Пазняк] мяне не папракае апошнім часам, што я там камусьці здаўся, прадаўся. Ён разумее і ведае мяне добра. І тыя хлопцы, якія да нацыяналізму нас штурхалі, [ведаюць], што ў нас дастаткова гэтага нацыяналізму, але трэба паважаць суседзяў, трэба ведаць сваё месца ў гэтым плане», — сказаў ён.

Лукашэнка таксама паразважаў пра асаблівасці беларусаў і чым варта ганарыцца.

«Я пра гэта неяк казаў адзін раз (не педалюю гэтае пытанне), мы — людзі асаблівыя. У нашай крыві ўсё перамяшана. І руская кроў, і ўкраінцы, і палякі, і іншае, і іншае… габрэі, татары… І вось гэта беларускае. У гэтым — наша беларускасць. У гэтым нашы мазгі. Мы разумныя людзі. Чаму? Таму што ў нас ад палякаў, украінцаў, рускіх, габрэяў і татараў усё гэта прысутнічае. У гэтым асаблівасць нашага народа. Чаму мы гэта не павінны разумець? Мы павінны гэта разумець. І з нацыяналізмам трэба вельмі асцярожна. А гонар наш павінны быць», — сказаў Лукашэнка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула