БЕЛ Ł РУС

Прарасійская актывістка Мірсалімава абурылася, што сілавікі дапыталі яе дачку

13.04.2025 / 23:26

Nashaniva.com

«Чакалі каля вагона».

Прарасійская актывістка Эльвіра Мірсалімава расказала, што яе старэйшую 18-гадовую дачку дапытала міліцыя.

«Яе толькі што (д)апыталі проста ў цягніку, дачакаўшыся каля вагона. Дзіця напалохана, вядома, але такая наша рэальнасць…» — напісала Мірсалімава ў сваім тэлеграм-канале.

Дапытвалі наконт сястры Мірсалімавай Крысціны, якая не падтрымлівае ўладу і з'ехала за мяжу.

«Не ведаю, чаму яны чакаюць менавіта ад'езду. У мінулы раз дачцэ назвоньвалі таксама па дарозе на вакзал. Якім бокам цётка — сваяцтва, напэўна», — разважае яна.

«Папярэдні раз, калі ёй тэлефанавалі, яна была яшчэ непаўналетняй, і за яе трубку брала я», — згадвае Мірсалімава.

Гэты выпадак прывёў яе да несуцяшальных высноў:

«Тое, што ўсе грамадзянскія актывісты і іх сем'і жывуць у напружанні — гэта дакладна».

У сакавіку 2024 года Эльвіру Мірсалімаву судзілі па двух артыкулах: прапаганда нацысцкай сімволікі (частка 1 артыкула 19.10 КаАП) і парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (частка 1 артыкула 24.23 КаАП). Па першым артыкуле Мірсалімава правяла два дні ў ізалятары. Актывістка рэпоснула публікацыю Z-блогера Уладлена Татарскага. Шляхам частковага складання прысудаў суд аштрафаваў актывістку на 2600 рублёў.

Чытайце таксама:

Прарасійскую актывістку Мірсалімаву выклікалі ў РАУС на гутарку перад выбарамі

«Што ў нас адбываецца?» Прарасійская актывістка Мірсалімава зноў распавяла пра палітычныя затрыманні 

Вялікае інтэрв’ю з Крысцінай Мірсалімавай — сястрой прарасійскай актывісткі-сталіністкі 

Каментары да артыкула