Ад старой Грушаўкі пакінуць толькі векавы клён
Улады пасля доўгага перапынку, выкліканага пратэстамі, усё ж зацвердзілі новы праект планіроўкі колішняга прадмесця Мінска. Пад знос ідзе ўся старая забудова, якую раней хацелі прызнаць помнікам архітэктуры — застаецца толькі старое дрэва, на якое раней не звярталі ўвагі.
Векавы клён на Разінскай вуліцы. Фота: Яндэкс.Панарамы
На грамадскае абмеркаванне з 24 лютага 2025 па 11 сакавіка 2025 было вынесена ўнясенне зменаў у праект дэталёвага планавання (ПДП) тэрыторыі ў межах праспект Дзяржынскага — праспект Жукава — вуліца Чыгуначная. Аднак прадстаўленыя матэрыялы не даюць разумення пра тое, што канкрэтна зменена ў параўнанні з папярэднім праектам забудовы Грушаўкі.
У пачатку красавіка Архітэктурна-горадабудаўнічая рада пры галоўным архітэктары Мінска з невялікімі заўвагамі ўзгадніла новы праект. Паводле яго, адзіным напамінам пра старую Грушаўку застанецца стары клён па Разінскай вуліцы.
Векавы клён
Названы клён расце каля старога драўлянага дома №54 па Разінскай вуліцы. Клён вастралісты, ці платанападобны ўключаны ў базу «Асабліва каштоўныя элементы расліннага свету на тэрыторыі Мінска», створаную Акадэміяй навук Беларусі.
Векавы клён на Разінскай вуліцы. Фота: Яндэкс.Панарамы
Клён быў пасаджаны ў пачатку XX стагоддзя, і сёння яго ўзрост складае 110 гадоў, як удалося высветліць спецыялістам з дапамогай інструментальных вымярэнняў. Гэта найстарэйшы прадстаўнік віда, які захаваўся на тэрыторыі Маскоўскага раёна.
За гэты час клён дасягнуў выдатных біяметрычных параметраў — акружнасць яго ствала складае 3,4 метра, агульная вышыня — 23,8 метра, а крона раскінулася на 20 метраў. Такія дрэвы-доўгажыхары з’яўляюцца эталонамі свайго віду, забяспечваючы захаванасць генафонду і біялагічнай разнастайнасці. Яны захоўваюць каштоўную дэндрахраналагічную інфармацыю і былі сведкамі развіцця Грушаўкі.
Праектная прапанова па батанічным помніку прыроды мясцовага значэння «Векавы клён» у новым праекце дэтальнай планіроўкі Грушаўкі.
Векавы клён у новым праекце дэтальнай планіроўкі Грушаўкі. Сёння клён размешчаны на чырвонай лініі забудовы вуліцы, новыя чырвоныя лініі забудовы пазначаны на схеме тлустым пункцірам.
Зараз клён сядзіць па чырвонай лініі забудовы перад фасадам дома №54, але новы план прадугледжвае сур’ёзнае пашырэнне вуліц: чырвоная лінія ссоўваецца далей на некалькі дзясяткаў метраў, каб стварыць бульвар, а стары клён апынаецца на бакавой раздзяляльнай паласе паміж праезнай часткай і тратуарам. Паласа адмыслова зроблена шырокай — аж 6 метраў, каб не пашкодзіць клён, але з улікам тых рэагентаў, якія выкарыстоўваюць узімку на вуліцах сталіцы, не факт, што дрэва зможа перажыць перабудову раёна. Бульвар таксама атрымаўся вельмі ўмоўным, напрыклад, каля помніка прыроды бульвар перарывае вялікая паркоўка пры жылых 20-павярховіках, якую не збіраюцца змяншаць.
Грушаўскі скансэн, якому не быць
Паводле праекта, ад старога прадмесця горада нічога, акрамя гэтага клёна, не застанецца — уся старая забудова вуліц Грушаўкі, не толькі драўляная, але і малапавярховая пасляваенная, пойдзе пад знос.
Схема Грушаўскага прадмесця. Зялёным колерам пазначана тэрыторыя, на якой мусіў быць створаны філіял музея народнай архітэктуры і побыту, а сінім — каштоўная драўляная забудова, якую збіраліся ўзяць пад ахову. Фота: тэлеграм-канал Aktahon
Між тым у 1991 годзе спецыялістамі была распрацавана схема Грушаўскага прадмесця, паводле якой тут меркавалася стварыць філіял Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.
Планавалася ўзяць пад ахову ўсю драўляную забудову вуліцы Хмялеўскага, а таксама асобных драўляных дамоў па вуліцы Разінскай, 3-м Чыгуначным завулку, завулках Грушаўскім і Разінскім. Падобны філіял музея быў створаны па Паўночным завулку, але Грушаўцы так не пашчасціла.
Горад даціскае старую Грушаўку. Фота: Blizko.by
За 30 гадоў прадмесце страціла 70% тых дамоў, якія збіраліся прызнаць гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, цяпер пад знос пойдуць астатнія.
Адкладзены праект
Праект дэтальнай планіроўкі выклікае адразу некалькі пытанняў. Па-першае, ён распрацаваны даволі даўно на падставе задання, выдадзенага яшчэ ў лютым 2021 года, гэты ж год фігуруе на тытульным аркушы прэзентацыі праекта ад «Мінскграда», прыкладзенай да матэрыялаў грамадскага абмеркавання.
Па-другое, у базах нарматыўнай дакументацыі, pravo.by і tnpa.by, дзе звычайна публікуюцца зацверджаныя ПДП, ёсць праекты суседніх раёнаў, але ўласна праекта для Грушаўкі, у які цяпер уносяць змены, няма. Такое магчыма толькі калі папярэдні праект быў зацверджаны вельмі даўно, яшчэ ў 2000-я гады, калі гэтых баз не існавала.
Асабліва цікава, што ў снежні 2019 года на грамадскае абмеркаванне ўжо выносіўся горадабудаўнічы праект з дакладна такой жа назвай.
На сайце адміністрацыі Маскоўскага раёна старонка гэтага абмеркавання з праектнымі матэрыяламі выдалена, але ў мясцовых тэлеграм-каналах захаваўся планшэт з праектам у добрай якасці.
Фрагмент дэтальнага плана ПДП, які выносіўся на абмеркаванне ў 2019 годзе, у раёне вуліцы Разінскай. Ні пра які векавы клён тады вядома не было.
Галоўнае адрозненне, якое кідаецца ў вочы паміж праектамі 2019 і 2021 года — памеры Грушаўскага сквера. У праекце 2019 года ён прадстаўлены ва ўрэзаным выглядзе — значная яго частка была аддадзена пад будаўніцтва жылога комплексу. Мясцовыя жыхары вырашылі адстойваць апошнюю зялёную зону ў раёне. Супраціў быў такім моцным, што ўлагоджваць жыхароў у 2020 годзе прыязджала Наталля Качанава. Рашэнне аб захаванні сквера прымаў асабіста Лукашэнка, гарадскім уладам давялося шукаць новы ўчастак для забудоўшчыка ў якасці кампенсацыі.
Грушаўскі сквер у тых межах, у якіх ён быў прадстаўлены ў праекце дэтальнай планіроўкі ў 2019 годзе.
Грушаўскі сквер у новым праекце дэтальнай планіроўкі раёна.
З публікацый пра канфлікт вакол Грушаўскага сквера вядома, што праект дэтальнага планавання для Грушаўкі быў зацверджаны 8 ліпеня 2004 года, што тлумачыць, чаму немагчыма адшукаць у базах нарматыўных дакументаў праект, у які ўносяцца змены.
Відаць, што праз гэты канфлікт вакол сквера праект 2019 года так і не быў зацверджаны. У праекце 2021 года сквер захоўваецца ў поўным памеры, але застаецца незразумелым, чаму яго некалькі гадоў трымалі ў стале і не выносілі на грамадскае абмеркаванне.
Можа, і без клёна
У першапачатковым праекце 2019 года не было аніякіх згадак пра стары клён на Разінскай вуліцы, так што абарона Грушаўскага скверу, праз якую праект не зацвердзілі і накіравалі на дапрацоўку, паспрыяла таму, што на дрэва звярнулі ўвагу спецыялісты і ўнеслі карэктывы ў новы варыянт праекта.
Але праектная дакументацыя датуецца 2021 годам, дзе векавы клён загадзя называецца батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння.
На сёння, хоць мінулі ўжо чатыры гады, клён так і не атрымаў ахоўнага статусу, а значыць, юрыдычна ўсё яшчэ з’яўляецца звычайным дрэвам, якое можна спілаваць пры неабходнасці.