БЕЛ Ł РУС

Адміністрацыя Трампа замарозіла 2,2 мільярда даляраў для Гарвардскага ўніверсітэта

15.04.2025 / 7:41

Nashaniva.com

Міністэрства адукацыі ЗША абвясціла пра замарожванне дзяржаўнага фінансавання на суму 2,2 мільярда даляраў для Гарвардскага ўніверсітэта пасля таго, як навучальная ўстанова адхіліла патрабаванні адміністрацыі Трампа.

Фота: Plexi Images/GHI/UCG/Universal Images Group via Getty Images

«Аб’яднаная мэтавая група па барацьбе з антысемітызмам абвяшчае пра замарожванне 2,2 млрд даляраў доўгатэрміновых грантаў і 60 млн даляраў доўгатэрміновых кантрактаў для Гарвардскага ўніверсітэта», гаворыцца ў прэс-рэлізе.

На мінулым тыдні Белы дом накіраваў у Гарвард спіс патрабаванняў, накіраваных на жорсткі дзяржаўны кантроль і радыкальныя змены ў кіраванні ўніверсітэтам.

Аднак у панядзелак, 14 красавіка, Гарвард адмовіўся выконваць гэтыя патрабаванні, заявіўшы, што адміністрацыя Дональда Трампа парушае Першую папраўку да Канстытуцыі ЗША, перавышае паўнамоцтвы ўрада згодна з Законам аб грамадзянскіх правах і пагражае аўтаноміі прыватнай установы.

У сваю чаргу, Міністэрства адукацыі ЗША паведаміла пра замарожванне фінансавання, падкрэсліўшы, што існуючыя парушэнні навучальнага працэсу з’яўляюцца недапушчальнымі.

«Парушэнні навучальнага працэсу, ад якіх цярпяць кампусы апошнія гады, непрымальныя. Пераслед габрэйскіх студэнтаў недапушчальны. Элітным універсітэтам час сур’ёзна паставіцца да гэтай праблемы і ўзяць на сябе абавязацельствы адносна істотных зменаў, калі яны жадаюць і далей атрымліваць падтрымку ад падаткаплатнікаў», гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула