Сяргей Глазьеў стаў новым дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы
Пра гэта на сустрэчы з ім заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка.
«Мы дамовіліся з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным, што ваш уклад у будаўніцтва Саюзнай дзяржавы павінен быць значным. Ён добрага меркавання пра вас. Маё меркаванне вы даўно ведаеце. Таму мы вызначыліся. У сувязі з тым, што заканчваецца тэрмін знаходжання ў гэтай пасадзе Дзмітрыя Мезенцава, і ён пераходзіць на іншую працу, мы прынялі такое рашэнне — прызначыць вас кіраўніком і рухавіком нашай саюзнай інтэграцыі ў плане кіраўніцтва ўсім апаратам СД. Думаю, што эфект будзе добры», — сказаў Лукашэнка.
Глазьеў нарадзіўся ў 1961 годзе ва ўкраінскім Запарожжы.
Быў міністрам знешнеэканамічных сувязяў Расіі, дэпутатам Дзярждумы, намеснікам генеральнага сакратара ЕврАзЭС. Быў членам калегіі (міністрам) па інтэграцыі і макраэканоміцы Еўразійскай эканамічнай камісіі, дарадцам Пуціна па каардынацыі дзейнасці федэральных органаў выканаўчай улады, скіраванай на развіццё еўразійскай інтэграцыі ў межах Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы.
Раней стала вядома, што дзяржаўны сакратар СД Дзмітрый Мезенцаў прызначаны прадстаўніком прэзідэнта Расіі ў Канстытуцыйным судзе.