Памёр Фёдар Жыляк
18 красавіка памёр кампазітар і спявак, ганаровы грамадзянін горада Баранавічы Фёдар Жыляк, паведаміла газета «Наш край». Яму было 67 гадоў.
Фёдар Жыляк
Фёдар Жыляк нарадзіўся 25 мая 1957 года ў горадзе Карталы Чалябінскай вобласці, дзе тады працавалі яго бацькі-чыгуначнікі. Але яшчэ ў маленстве ён разам з сям'ёй прыехаў у Баранавічы, і менавіта гэты горад для яго стаў сапраўднай радзімай. Баранавічам прысвечана нямала песень кампазітара, у тым ліку Жыляк аўтар музыкі для гімна горада.
Акрамя стварэння музыкі, ён быў і спеваком, а ў маладосці нават саліраваў у вядомым ансамблі «Сябры». Але пасля вярнуўся ў Баранавічы, стаў працаваць у гарадскім Доме культуры і ў 1982 годзе стварыў там музычны гурт «Явар». На працягу 27 гадоў Фёдар Жыляк быў яго нязменным кіраўніком, разам з ім гурт атрымаў шматлікія ўзнагароды на конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню.
У 2009 годзе інфармацыя пра кампазітара Фёдара Жыляка і гурт «Явар» увайшла ў энцыклапедыю сучаснай беларускай музыкі.
Таксама Фёдар Жыляк плённа супрацоўнічаў з народным тэатрам «Эксперымент», напісаў музыку для больш чым двух дзясяткаў спектакляў і пастановак. Ягоныя творы гучалі на самых прэстыжных канцэртных пляцоўках краіны, а песні ўвайшлі ў рэпертуар вядомых беларускіх выканаўцаў.
Сярод таленавітых вучняў Фёдара Жыляка — вядомая спявачка Гюнеш.
Чытайце таксама:
У 54 гады памёр настаяцель прыхода ў Азёрах ля Гродна
У Ніцы памерла беларуская стылістка Яўгенія Драгун. Ёй было 40 гадоў