Шрайбман называе сваю галоўную асцярогу наконт чыноўнікаў-тэхнакратаў пры Лукашэнку
Калі б замест Лукашэнкі на чале краіны стаялі Аляксандр Турчын, Дзмітрый Круты і іншыя чыноўнікі з, магчыма, больш ліберальнымі поглядамі — ці маглі б яны весці іншую палітыку?
Аналітык Арцём Шрайбман у ютуб-праграме «Гадзіннічак цікае» разважае, што ёсць адна з галоўных змен, якую кожны з іх мог бы прыўнесці.
«Паколькі яны не Лукашэнка, у іх бы не было жадання помсціць за 2020-ы, помсціць змагарам. Яны б маглі аслабіць рэпрэсіі, разумеючы што ў паслаблення рэпрэсій, у вяртання актыўнай часткі эміграцыі, у зняцця нейкіх санкцый за палітвязняў ёсць добрая эканамічная цана», — мяркуе ён.
Але з іншага боку, аналітык баіцца тэхнакратычнасці гэтых чыноўнікаў. Бо тэхнакраты — чыноўнікі па-за ідэалогіяй, якія проста выконваюць свае задачы як менеджары.
«Няма ніякага дакладнага ўнутранага сэнсу, навошта ім трэба незалежная краіна. Ці не можа кагосьці з іх прарынкавасць, іх тэхнакратызм штурхнуць у бок: «Слухайце, рыначная Расія. Можа, нам трэба шчыльней інтэгравацца? Будзем пракладачкай на шляху кантрабанды, вялікім казіно расійскім». Мы то спадзяёмся, што нехта з іх прабеларускія погляды мае, але мы гэтага не ведаем», — разважае Шрайбман.
«Калі ў іх прыярытэт, каб эканоміка нармальна працавала, дык у гэтага ёсць простае рашэнне. Як раней казалі, 31-я дарожная карта — наперад, падпісвай. Адзіная валюта, у цябе ўсё працуе добра. Калі ты не маньяк ва ўладзе, як Лукашэнка, калі ты не ўмоўны беларускі патрыёт, то навошта табе абавязковыя старанні, балансаванне, манеўраванне, калі можна па-простаму пытанне рашыць. Вось гэтага я асцерагаюся ў людзях, якія выраслі ў пазбаўленым каштоўнасцяў апараце Лукашэнкі».
Чытайце таксама:
Хто мог бы стаць прэзідэнтам Беларусі ў 2035 годзе — аналізуе Шрайбман
Шрайбман: Я не веру ў «зянонаўскую дыктатуру», якая будзе паслядоўна беларусізаваць беларусаў
Новае шоу з Шрайбманам запусцілася на ютубе. У яго нечаканы партнёр