БЕЛ Ł РУС

«90 чалавек выгналі пад пякучае сонца і трымалі там тры гадзіны. Я паўтарала толькі адну малітву: няхай ім усё вернецца»

20.04.2025 / 19:10

Nashaniva.com

Былая палітзняволеная Ірына Шчасная згадала, як здзекаваліся з жанчын у калоніі на Вялікдзень.

Жаночая калонія ў Гомелі. Фота: «Радыё Свабода»

«Заходжу ў стужку фэйсбуку. Столькі беларусаў святкуе Вялікдзень — і гэта грэе душу. Жыццё ідзе, людзі не здаюцца, трымаюцца, як бы цяжка ні было. І гэта надае надзею, — піша Ірына Шчасная. —

Але прабачце, сябры. У гэты светлы дзень я не магу не згадаць Вялікдзень 2023 года — той, які я правяла ў катавальні ПК-4.

Быў выходны. Асуджаныя жанчыны займаліся сваімі справамі, адпачывалі ад цяжкіх будняў фабрыкі — адзіны дзень, калі можна было крыху ўздыхнуць. І раптам — налёт. У атрад уварваліся людзі ў вайсковай форме. Ператрус.

Божа, які жах. У адной з жанчын знайшлі бялізну, якую яна сушыла «не ў адпаведны час». І гэтая дробязь — бялізна! — стала падставай для калектыўнага пакарання: увесь атрад, 90 чалавек, выгналі пад пякучае сонца і трымалі там тры гадзіны. Без магчымасці сесці, без права адысці ў цень.

Старэйшым жанчынам станавілася дрэнна. Хтосьці страчваў прытомнасць. А я стаяла і паўтарала толькі адну малітву: «Вышэйшыя сілы, няхай гэтым вылюдкам усё вернецца…»

Выбачайце, што ў такі дзень згадваю боль. Але не магу маўчаць, калі сотні беларусаў, нашых братоў і сясцёр, дагэтуль за кратамі. Мае думкі — толькі з імі.

Няхай лёс беражэ ўсіх, хто цярпіць несправядлівасць. І няхай надыдзе той дзень, калі святло канчаткова пераможа цемру».

Ірына Шчасная была рэдактаркай некалькіх тэлеграм-каналаў, сярод якіх «Мая краіна Беларусь». Яе затрымалі 18 лістапада 2020 года, пазней прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі (па артыкулах 13 і 293 Крымінальнага кодэкса — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). На волю жанчына выйшла 29 чэрвеня 2024 года.

Чытайце таксама:

«Бабарыку і не трэба было падтрымліваць, ён трымаўся добра». Былы палітвязень расказаў, як адбываў пяцігадовы прысуд 

Пасля 5 гадоў зняволення выйшаў на свабоду палітвязень Павел Юхневіч

Каментары да артыкула