Трамп: Спадзяюся, Расія і Украіна дасягнуць пагаднення на гэтым тыдні
Амерыканскі прэзідэнт дадаў, што такі крок дазволіць краінам весці «буйны бізнэс з квітнеючымі ЗША».
Фота: Anna Moneymaker / Getty Images
«Спадзяюся, Расія і Украіна дасягнуць пагаднення на гэтым тыдні. Тады абодва бакі пачнуць весці буйны бізнэс з квітнеючымі ЗША і заробяць багацце», — напісаў Дональд Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social.
Увечары 20 красавіка Уладзімір Зяленскі прапанаваў Расіі падоўжыць забарону на дальнабойныя ўдары на 30 дзён.
Раней Уладзімір Пуцін абвясціў «велікоднае перамір'е» — яно прадугледжвала спыненне ўсіх баявых дзеянняў ва Украіне з вечара 19 красавіка да паўночы 21 красавіка. Аднак, як паказвае аналіз украінскага маніторынгавага праекта DeepState, баявыя дзеянні не спыніліся. Зяленскі адзначаў, што разам з тым не было паветраных трывог.