БЕЛ Ł РУС

Сказаў «дзякуй» чату джыпіці — і кампанія ўлятае на дзясяткі мільёнаў даляраў

21.04.2025 / 13:24

Nashaniva.com

Генеральны дырэктар OpenAI Сэм Альтман паведаміў у Twitter, што ветлівасць карыстальнікаў у камунікацыі з ChatGPT абыходзіцца яго кампаніі ў мільёны даляраў.

Фразы кшталту «калі ласка» і «дзякуй» у канцы запытаў ствараюць дадатковую нагрузку на вылічальныя магутнасці і павялічваюць аперацыйныя выдаткі, піша The Insider.

Так ён адказаў на пытанне карыстальніка, наколькі дорага абыходзіцца расход электраэнергіі з-за ветлівых зваротаў. Адзін з каментатараў пажартаваў: «Гэта ж лёгка вырашаецца з дапамогай кода на баку кліента — проста аўтаматычна адказваць «калі ласка». Іншы дадаў: «Калі б яны сапраўды хацелі эканоміць электраэнергію, перасталі б заканчваць кожны адказ пытаннем».​

У апошнія тыдні ChatGPT перажывае рэзкі рост папулярнасці, у тым ліку з-за трэнду на «анімэ ў стылі студыі Ghibli», згенераванае штучным інтэлектам. Сярэдняя колькасць актыўных карыстальнікаў у тыдзень упершыню ў гэтым годзе перавысіла 150 млн.​

Паводле справаздачы Goldman Sachs, кожны запыт да ChatGPT-4 спажывае прыблізна 2,9 ват-гадзіны электраэнергіі — амаль у дзесяць разоў больш, чым стандартны пошукавы запыт у Google.

Паколькі OpenAI апрацоўвае больш за мільярд запытаў у дзень, сумарнае спажыванне энергіі складае каля 2,9 млн кілават-гадзін у суткі.

Альтман адзначыў, што, нягледзячы на выдаткі, гэтыя сродкі «добра выдаткаваныя», бо ветлівыя звароты робяць узаемадзеянне з ШІ больш чалавечным.​

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула