БЕЛ Ł РУС

Сотні рублёў, каб эфектна даведацца пол будучага дзіцяці: беларусы робяць усё больш маштабныя гендар-паці

21.04.2025 / 22:11

Nashaniva.com

Людзі ў Беларусі гатовыя замовіць самалёт ці дамовіцца з хакейным клубам «Дынама-Мінск», каб эфектна паведаміць блізкім людзям, каго яны чакаюць — хлопчыка ці дзяўчынку. Стараюцца ўсе: ад дальнабойшчыкаў да жонак футбалістаў.

Скрыншот відэа ў тыктоку

Пажарная машына

Афіцыйна ў беларускага МНС няма такой паслугі, як арганізацыя гендар-паці. Але ж калі будучы тата ці мама працуюць у гэтай структуры, дык няма нічога немагчымага.

У тыктоку дастаткова ролікаў, як у Мінску ды іншых гарадах для высвятлення пола дзіцяці выкарыстоўваюць пажарную машыну. Ратавальнік уключае брандспойт і па колеру пены (папярэдне ў пенаўтваральнік дадаюць фарбавальнік) усё становіцца зразумела.

@aleksandra_mokhart Наш заказ уже в пути#гендерпати#мальчикилидевочка #мчс #семья ♬ оригинальный звук - aleksandramokhart

Трэба адзначыць, што не ўсім каментатарам у тыктоку такі крэатыў даспадобы. Напрыклад, сям’я ратавальніка з Жодзіна сёлета набрала 260 тысяч праглядаў і больш за 17 тысяч лайкаў. Але ж знайшліся тыя, хто абурыўся тым, што службовы аўтамабіль выкарыстоўваюць для забавы супрацоўніка.

«Мінск-Арэна»

У мінулым снежні ўпершыню гендар-паці адбылося падчас матча хакейнага мінскага «Дынама». Тады на лёд «Мінск-Арэны» выйшаў хакейны трэнер Максім Антоненка (яго тата — хакеіст Алег Антоненка, удзельнік трох Алімпіяд) з жонкай Карынай. Будучы бацька ўдарыў па шайбе, і ўсе пабачылі блакітны дым. Тысячы гледачоў на трыбунах бурна радаваліся за пару. Ролік набраў у інстаграме 935 тысяч праглядаў і 70 тысяч лайкаў.

View this post on Instagram

A post shared by Хоккейный клуб «Динамо-Минск» (@hcdinamo.by)

Дарэчы, сям'я Антоненкаў ужо стала бацькамі: хлопчык у іх нарадзіўся на Вялікдзень.

Самалёт у небе

Ужо не першы год гендар-паці ладзяць на аэрадроме «Ліпкі», што ля Мінска. Атрымліваецца як у кіно: самалёт выпускае ружовы ці блакітны дым, калі ляціць над будучымі бацькамі, а госці ў захапленні робяць шмат фота і відэа падзеі для сацсетак.

Можна падумаць, што такая люксавая вечарына будзе каштаваць прыкладна вагон грошай, але не: 30 хвілін знаходжання самалёта ў паветры каштуюць 620 рублёў, а гадзіна — 820 рублёў.

@vrpavia Пишите нам или звоните по номеру +375 29 399 00 22, чтобы получить консультацию и забронировать тайм-слот! #гендерпати #гендерпатиминск #гендерпатигродно #гендерпатигомель #гендерпатибрест #гендерпативитебск #гендерпатимогилев #полет #самолет #шоу #гендернаявечеринка ♬ оригинальный звук - vrpavia

Летась кампанія, якая ладзіць гендар-паці ў небе, паведаміла, што можа рабіць такія святы побач з любым вялікім горадам Беларусі, каб бацькам і іх гасцям не прыйшлося ехаць у сталіцу. Кошт залежыць ад таго, колькі кіламетраў трэба праляцець самалёту для месца ікс. Дарэчы, так ужо святкавалі, напрыклад, у Лідзе.

BMW і фаеры

Нядаўна ў тыктоку завірусілася відэа, у якім сям’я беларускага дальнабойшчыка ладзіла гендар-паці. Фуру для гэтых мэт выкарыстоўваць не сталі — абышліся двума аднолькавымі BMW.

У адным аўтамабілі палілі фаеры сіняга колеру, у другім — ружовага. Калі да будучых бацькоў паехала машына, адкуль валіў сіні дым, яны пачалі радасна скакаць і абдымацца.

Відэа набрала 4,2 мільёна праглядаў у тыктоку і каля 375 тысяч лайкаў. Каментатары былі ў захапленні. Найбольш папулярны каментарый такі: «Такая прыкольная ідэя, але пры гэтым не дарагая, не паказушная, а такая шчырая». У адказ нехта пажартаваў: «Так, сапраўды не дарагая, набыць два BMW».

27-паверховы бізнэс-цэнтр

У мінулым лістападзе сям’я з Мінска, каб даведацца пра пол дзіцяці, вырашыла скарыстацца бізнэс-цэнтрам «Футурыс», які знаходзіцца каля станцыі метро «Барысаўскі тракт». Спачатку на будынку з’явіліся сілуэты будучых бацькоў, потым пачаўся 10-секундны адлік, затым надпіс «У вас…». Нарэшце 27-павярховік стаў цалкам ружовым і раскрыў інтрыгу: «Дзяўчынка».

Тады паслуга каштавала прыкладна 1100 рублёў. Ролік набраў у тыктоку больш за мільён праглядаў і каля 77 тысяч лайкаў. Дарэчы, нядаўна дзяўчынцы, пра чаканне якой даведаліся многія мінчукі, споўніўся месяц.

@tanyaknopa Счастливые #гендерпати ♬ оригинальный звук - Knopa

Трэба адзначыць, што бізнэс-цэнтр «Футурыс» ужо карыстаецца папулярнасцю ў будучых бацькоў сталіцы: час ад часу ў сацыяльных сетках з’яўляюцца аналагічныя ролікі з гендар-паці.

Голас «будучага дзіця»

Даволі папулярны цяпер у Беларусі варыянт гендар-паці: калі быццам бы проста з матчынага жывата кажа будучае дзіця. Так, напрыклад, пра свайго сына даведаліся біятланісты Антон і Дзінара Смольскія.

Каштуе запіс крэатыўнага аўдыя ў беларускіх фірмах ад 50 да 150 рублёў. Прапануюць такую паслугу і расійскія кампаніі (абяцаюць, што запісваць агучку будзе сапраўды маленькае дзіця — можна нават абраць узрост, чым маладзейшае дзіця, тым даражэйшая паслуга). Расіяне просяць прыблізна ад 110 да 150 рублёў.

Нядаўна такую фішку выкарыстоўвала жонка былога футбаліста Вячаслава Глеба Вольга. Пара вырашыла сумясціць святкаванне дня нараджэння будучага таты і гендар-паці. Адбывалася ўсё ў сталічным рэстаране «Анёлы».

View this post on Instagram

A post shared by | ОЛЬГА ГЛЕБ ♥️ Блогер | Инфлюенсер | Минск | Беременность (@olgahleb)

Для гасцей інтрыга зацягнулася. Спачатку пара адчыніла вялізарную скрыню — і нічога не даведалася, бо шары вылецелі як блакітныя, так і ружовыя. Потым «дзіцячы голас з Вольгі» звяртаўся да бацькоў і таксама нічога не сказаў па сутнасці пытання.

Нарэшце пара ўсё ж лопнула вялікі шар, і стала зразумела, што сям’я чакае нараджэння сына. Аляксандр Глеб быў так рады за брата, што кінуўся абдымаць яго, ледзь не адціснуўшы будучую маму, аднак у апошні момант усё ж спыніўся.

Сама Вольга з гендар-паці зрабіла сапраўдную піяр-кампанію. Яна арганізавала розыгрыш прызоў ад спонсараў. Блогерка абяцала паказаць фінальны ролік з гендар-паці толькі пасля таго, як збярэцца 5000 удзельнікаў конкурсу. Агулам яе відэа з тэматычнай вечарыны набралі ў інстаграме больш за мільён праглядаў.

Чытайце таксама:

Каб даведацца пол будучага дзіцяці, мінчукі замовілі асабістую падсветку 27-павярховага бізнэс-цэнтра

«Патрыётка Беларусі» знайшла прычыну таго, што ў краіне шмат цяжкахворых дзяцей. Гэта гендар-паці

Каментары да артыкула